100 маладых яблынь пасадзілі сёлета навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.
Саджанцы для саду падарыў навучальнай установе галава фермерскай гаспадаркі «Каралёва-агра» Глыбоцкага раёна Дзмітрый Шарабайка.
— Для патаннення харчавання навучэнцаў на землях нашай падсобнай гаспадаркі штогод вырошчваем агародніну, — расказваў дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка. — Восенню нарыхтавалі тону буракоў, 800 кілаграмаў морквы. Ёсць і невялікі сад. Але ён закладзены даўно, дрэвы ўжо старыя і не даюць жаданага ўраджаю. Сёлета лёс звёў мяне з Дмітрыем Шарабайкам. Ён у якасці спонсарскай дапамогі прапанаваў 100 маладзенькіх яблынек на суму 990 рублёў.
Для пасадкі падрыхтавалі глебу і зрабілі ўсё па правілах, згодна з тэхналогіяй. Каб захаваць маладыя саджанцы ад казуль і зайцоў, абгарнулі ствалы мешкавінай. Пройдзе пару гадоў — і дрэўцы запладаносяць.
Фермерская гаспадарка «Каралёва-агра»: аг. Карабы-2, вул. Усходняя, 2. Тэл. 8(02156)5-42-88, 8(033)337-31-61, Sharabayko.dmitriy@mail.ru
— Мы займаемся не толькі вырошчваннем садавіны, але і маем гадавальнік, — расказваў гаспадар «Каралёва-агра» Дзмітрый Шарабайка. — У ім розныя сарты яблынь, груш вішань, чарэшань. Спонсарскую дапамогу саджанцамі аказвалі школам нашага раёна. Рады былі дапамагчы і Пастаўскаму дзяржкаледжу, у якім вучацца многія глыбачане. Сарты апрабаваныя, вельмі падыходзяць для вырошчвання ў паўночных рэгіёнах. Многія жыхары Пастаўшчыны набывалі саджанцы з нашага гадавальніка і засталіся задаволеныя.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара