Если бьют – не надо молчать. Интервью с первым заместителем начальника ОВД райисполкома Александром Мяделко

Безопасность

Калі б’юць – не трэба маўчаць

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў самую пільную ўвагу ўдзяляюць праблеме сямейнага насілля. Пра гэта сведчыць у тым ліку рэгулярнае правядзенне ўсемагчымых прафілактычных мерапрыемстваў. Адно з іх, СКМ «Быт», завяршылася нядаўна і стала нагодай для гутаркі з першым намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама – начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандрам МЯДЗЕЛКАМ.

— Аляксандр Генадзьевіч, што можаце сказаць пра бытавую злачыннасць у нашым раёне?

— За 10 месяцаў бягучага года на Пастаўшчыне былі зарэгістраваны 9 злачынстваў на бытавой глебе: па адным катаванні, пакушэнні на забойства, прычыненні менш цяжкіх і лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой расстройства здароўя, а таксама 5 пагроз забойствам, прычыненнем цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці. Да адміністрацыйнай адказнасці за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да блізкіх родных або членаў сям’і прыцягнуты 87 чалавек. У адносінах да 81 сямейнага скандаліста вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні спынена за прымірэннем бакоў.

У асноўным усе бытавыя злачынствы і правапарушэнні носяць латэнтны характар. Асобы, якія падвяргаюцца насіллю ў сям’і, не жадаюць, так бы мовіць, выносіць смецце з хаты, церпяць і маўчаць да апошняга, што можа прывесці да цяжкіх наступстваў, аж да забойства. Большасць таго, што становіцца вядома грамадскасці, — вынік канфліктных сітуацый дома: калі прычынены цялесныя пашкоджанні або абстаноўка настолькі накалілася, што ахвяры насілля не бачаць іншага выйсця, акрамя як звярнуцца ў міліцыю. Часам б’юць трывогу іх родныя, суседзі. Таму ўся дзей­насць праваахоўных органаў накіравана на ранняе выяўленне такіх злачынстваў і правапарушэнняў.

— Хто найчасцей становіцца ахвярай дамашняга насілля і хто агрэсар?

— У большасці выпадкаў ахвяры — жанчыны: жонкі, сужыцелькі, маці. Значна радзей — дзеці. Вельмі рэдка фізічнаму і псіхалагічнаму ціску з боку сыноў, бацькоў або жонак падвяргаюцца мужчыны. Галоўны каталізатар дамашняга насілля — алкаголь. Каля 70% бытавых злачынстваў у рэспубліцы, ды і ў нашым раёне таксама, здзяйсняецца ў нецвярозым стане. Таму сямейны дэбашыр — гэта ў асноўным асоба, якая злоўжывае спіртным, да таго ж нідзе не працуе. Адсутнасць даходу — лішняя нагода для канфлікту ў сям’і.

— Якую работу право­дзіце з дамашнімі агрэсарамі?

— Пасля першага правапарушэння і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці мы афіцыйна папярэджваем грама­дзяніна: калі сітуацыя паўторыцца, ён можа быць пастаўлены на прафілактычны ўлік. Тых, хто трапляе на яго, разглядаем на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку, аказваем дапамогу ў працаўладкаванні, рэгулярна наведваем па месцы жыхарства. Пры наяўнасці дзеючага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выпадку паўторнага здзяйснення правапарушэння, акрамя пастаноўкі на ўлік, можам вынесці ахоўнае прадпісанне. Яно прадугледжвае шэраг абмежаванняў для грамадзяніна. Гэта забарона на тэрмін да 30 сутак наведваць месца жыхарства ахвяры насілля ў сям’і, карыстацца сумеснай з ёй маёмасцю, уступаць у кантакт непасрэдна або з дапамогай тэлефона і інтэрнэта. За любое парушэнне абмежавання наступае адміністрацыйны арышт. Ахоўнае прадпісанне накіравана на тое, каб ізаляваць ахвяру на нейкі тэрмін, а агрэсару даць магчымасць задумацца пра свае паводзіны.

— Як яшчэ абараняеце ахвяр дамашняга насілля?

— Бываюць сітуацыі, калі мы не можам з нейкіх прычын ізаляваць агрэсара, а ў ахвяры няма ні родных ні знаёмых, якія маглі б прытуліць яе. У такім выпадку змяшчаем у крызісны пакой. Ёсць яшчэ шэраг метадаў, якія мо­гуць быць выкарыстаны. Адзін з іх — устаноўка ў доме трывожнай кнопкі. Калі ўзнікае акт агрэсіі, ахвяра можа націснуць яе — і праз 3 хвіліны прыедуць супрацоўнікі падраздзялення Дэпартамента аховы і ўрэгулююць канфлікт. Можна таксама дамовіцца з роднымі ці суседзямі, што будуць абазначаць пэўныя словы і дзеянні. Напрыклад, кароткі трохразовы званок у дзверы суседкі — значыць, трэба выклікаць міліцыю, бо штосьці здарылася.

Па статыстыцы, кожнае трэцяе забойства і наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання здзяйсняецца блізкімі людзьмі.

— У пачатку гутаркі вы сказалі, што вытвор­часць па многіх адміністрацыйных і крымінальных справах спыняецца з-за прымірэння бакоў. Наколькі правільна, на ваш погляд, робяць ахвяры сямейнага насілля, даруючы сваім крыўдзіцелям?

— Лічу, што гэтага нельга рабіць. Ёсць вядомы выраз: беспакаранасць нараджае ўсёдазволенасць. Калі дараваць адзін раз, другі, трэці, чалавек пачынае думаць, што яму ўсё можна, і з кожным разам яго дзеянні становяцца ўсё больш жорсткімі. Як правіла, пасля прымірэння ў судзе канфлікты ўзнікаюць зноў, і гэта ўсё роўна заканчваецца вынясеннем прыгавору. У Крымінальным кодэксе ёсць так званыя прэвентыўныя артыкулы. Яны накіраваны на тое, каб, пакараўшы чалавека за нязначнае злачынства, напрыклад нанясенне пабояў, не дапусціць цяжкага — забойства. Гэтыя артыкулы даюць магчымасць адбыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, і тым самым задумацца над сваімі ўчынкамі.

— З 25 па 30 кастрычніка на Пастаўшчыне праводзіўся комплекс спецыяльных мерапрыемстваў «Быт». Якія яго вынікі?

— У рамках «Быту» ў горадзе і раёне адбыліся пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. На іх былі запрошаны сямейныя скандалісты, з якімі правялі індывідуальныя гутаркі. Гэта ж катэгорыя грама­дзян прысутнічала на адкрытым судовым пасяджэнні, дзе разглядаўся матэрыял па накіраванні жыхара Пастаў у лячэбна-працоўны прафілакторый і 2 матэрыялы аб адміністрацыйных правапарушэннях, звязаных з сямейнымі скандаламі. Крымінальна-выканаўчая інспекцыя праводзіла назіральную камісію па пытаннях працаўладкавання незанятых падуліковых грамадзян. На ёй разгледжаны 21 чалавек. Члены рабочых груп і супрацоўнікі міліцыі правялі 132 выступленні ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян. Ажыццёўлены 153 праверкі па месцы жыхарства падуліковых асоб розных катэгорый, у тым ліку тых, якія раней прыцягваліся да адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін.

Акрамя СКМ «Быт», у нас рэгулярна праходзіць акцыя «Дом без насілля», адпрацоўка прытонаў, амаль кожныя выхадныя ўводзяцца комплексы дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў асобамі, якія знаходзяцца на ўліку. Адным словам, работа вядзецца пастаянна.

— Дзякуй за змястоўную гутарку! Думаю, для многіх яна будзе карыснай.

Гутарыла Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.