Геронтию Болту не стыдно за прожитое. Он дорожит кожным новым днём

Общество

Даражыць кожным днём

З Геронціем Балтом я сустрэлася ў Паставах: 81-гадовы вясковец прыехаў рабіць прышчэпку ад каранавіруса.

— Першую перанёс лёгка. Спадзяюся, што не будзе ніякіх ускладненняў і пасля другой, — гаварыў. — Вырашыў правакцынавацца, бо хачу яшчэ па­жыць, ды і каб сына з нявесткай не падвесці.

Пяць гадоў таму Геронцій Пятровіч аўдавеў. Пахаваўшы жонку, неўзабаве і сам занямог. Ды так, што трапіў у бальніцу. Падлячыўшыся, у родную, але апусцелую хату ў Шымукоўшчыне не вярнуўся. Яго забралі да сябе ў Андроны сын з нявесткай.

— Мне добра ў іх, — дзяліўся. — Наташа адносіцца да мяне, як да роднага бацькі. Маем пра што пагаварыць з сынам. Цікаўлюся ў яго, як ідуць справы ў гаспадарцы. Павел — трактарыст, любіць сваю работу, пастаянна ў перадавіках. Пра яго неаднойчы пісалі ў раёнцы. Другі сын, Юра, жыве ў Паставах, працуе на малаказаводзе.

Геронцій Пятровіч — цікавы суразмоўца. Гаворку так і перасыпае моўнымі залацінкамі — прыказкамі ды іншымі трапнымі выразамі. Адчуваецца яго аптымізм. Здаецца, што і ўсё жыццё чалавека пазітыўнае. Хаця хапіла і ліха. Нарадзіўся на хутары ля Белек за год да вайны. У 1943-м фашысты палілі вёскі, а людзей вывозілі на прымусовыя работы ў Германію.

— Хаця і малы быў, але да сённяшняга дня памятаю тыя жудасныя падзеі, — расказваў. — Тата на той час служыў у польскай арміі. Нас з мамай і братам немцы цудам не вывезлі. А хату спалілі. Ля лесу ўцалеў зруб лазні, яго і абжывалі. Памятаю, і як тата з дзядзькам вярнуліся з вайны. Колькі радасці было! З трывожных успамінаў — нашэсці ваўкоў. Вылі ля хат, рэзалі скаціну на пашы, забіраліся ў хлявы.

Асобная старонка біяграфіі — служба ў арміі. «Пакараў Сібір! — не без гонару гаварыў Геронцій Болт. — Нас, навабранцаў, прывезлі поездам на станцыю, і адтуль больш за кіламетр трэба было ісці да воінскай часці. Мароз — за 50 градусаў, ажно зацінае дыханне. Многія абмарозіліся. Мяне ўратавалі фуфайка і шапка-вушанка. Раней у той сібірскай глыбінцы толькі ссыльных сялілі. А мы, салдаты, будавалі новы горад. Не скажу, што мне было вельмі цяжка. А ўсё таму, што да працы прывычны».

Да службы ў арміі Геронцій працаваў на чыгунцы, а звольніўшыся — у леспрамгасе. Усюды былі камандзіроўкі. Калі ажаніўся, уладкаваўся ў калгас, каб больш часу праводзіць з сям’ёй.

— Кім толькі не працаваў: паляводам, пастухом, загадчыкам фермы, брыгадзірам. І на сваім падвор’і трымалі дзвюх кароў, свінаматак, іншую жыўнасць, — успамінаў. — У той час вяскоўцы інакш ставіліся да зямлі і да работы. Колькі людзей было ў брыга­дзе! Многія імкнуліся на ферму, бо там больш зараблялі. Але ж і працавалі да мазалёў — усё ўручную. Нават дзеці стараліся штосьці зарабіць: абдзіралі з лазы кару, сушылі і здавалі нарыхтоўшчыкам, збіралі і прадавалі грыбы і ягады. Цяпер жа толькі і гля­дзяць, каб бацькі давалі.

Як часта ў думках Геронцій Пятровіч вяртаецца ў далёкія гады, калі ўсё было яшчэ наперадзе! І вось яны сышлі-зляцелі, і ўжо нічога не вернеш. Яму не сорамна за пражытае, і ён даражыць кожным новым днём.

— Цяпер жыць добра — працягваў мой суразмоўца. — Толькі таго і клопату маю, як наварыць корму для свіней, а летам пакорпацца ў агародзе. Астатні час адпачывай сабе, глядзі тэлевізар, чытай газеты. А што каранавірус на людзей абрынуўся, дык гэта бяда. І ад яе трэба абараняцца кожнаму.

Як не пагадзіцца з мудрым чалавекам?

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.