И на новом месте пригодилась. Алёна Секет — зоотехник ОАО «Новосёлки-Лучай»

Сельское хозяйство

І на новым месцы спатрэбілася

У школьныя гады Алёна марыла пакінуць вёску і жыць у горадзе. Паступіла ў Віцебскі тэхналагічны каледж, атрымала прафесію тэхніка-тэхнолага. Па выбранай спецыяльнасці папрацаваць не прыйшлося: выйшла замуж, нарадзіла дачушку і пачала абжывацца ў невялікай вёсцы Ліпалаты, што недалёка ад Ві­дзаў. А калі закончыўся водпуск па доглядзе дзіцяці, у сістэму грамадскага харчавання ўладкавацца не ўдалося. На мясцовым сельгаспрадпрыемстве «Ві­дзаўскае» прапанавалі работу на рабатызаванай ферме.

— Выбару не было, і я вырашыла паспрабаваць, — расказвала Алёна Секет. — Бацькі пастаянна трымалі гаспадарку, таму прамудрасці жывёлагадоўлі ведала добра. За выпрабавальны тэрмін абавязкі заатэхніка засвоіла — і справа пайшла. Не задавальняла адно — дачушку ў дзіцячы садок трэба было вазіць за 3 кіламетры.

Тым часам брат Алёны Валерый перасяліўся ў Навасёлкі. Клікаў да сябе і малодшых сясцёр. Алёна прыязджала да яго некалькі разоў у госці, і ёй спадабаўся аграгарадок. Таму пайшла да дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» з просьбай прыняць на работу ў гаспадарку. І яе назначылі заатэхнікам на мясцовую ферму.

— Вядома, хвалявалася: новы калектыў, вялікая колькасць жывёлы, — успамінала Алёна. — Але адразу знайшла ўзаемаразуменне з загадчыцай Вікторыяй Вартазаран, якая ўводзіла ў курс спраў. Заўсёды магу разлічваць на дапамогу галоўнага ветурача Аляксандра Жытковіча, намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Івана Мар’янавіча Кісяля.

Кола абавязкаў у Алёны шырокае. На навасёлкаўскай ферме ўтрымліваецца 2 600 галоў жывёлы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца цялушкам, якіх вырошчваюць для ўзнаўлення дойнага статка не толькі на гэтай ферме, але і ў Лучаі, Коўзанах. Заатэхнік адказная за справаздачнасць і пярвічную дакументацыю. Яна вядзе спецыяльны журнал, у якім рэгіструе даты асемянення, запуску, ацёлу кароў, перамяшчэнне іх з адной групы ў другую. Праводзіць біркаванне жывёлы, рэгулярна правярае чыпы, сочыць за кантрольнымі дойкамі. Пад пільным кантролем — цяляты. Пытанні выбракоўкі жывёлы, планы пакрыцця, умовы ўтрымання Алёна ўзгадняе з ветэрынарнай службай. Работы хапае, але яна маладому заатэхніку ў радасць.

— Кіраўніцтва гаспадаркі стварае на ферме ўмовы, якія спрыя­юць таму, каб прывагі і надоі былі высокімі, — гаварыла Алёна. — Гэта найперш збалансаваныя, з вітамінамі і пратэінамі, кармы. Цяпер сярэднясутачны надой на ферме складае амаль 17 кілаграмаў малака.

Здараюцца і праблемы. Але побач са мной родныя людзі. У Навасёлкі перабралася і сястра Оля. Яна працуе на гэтай ферме аператарам машыннага даення. Мая дачушка Веранічка ўжо другакласніца. Дом, які мы спачатку здымалі, сельгаспрадпрыемства выкупіла і выдзеліла нам.

— Алёна — надзвычай адказны спецыяліст, — расказвала загадчыца фермы Вікторыя Вартазаран. — Калі я адсутнічаю, яна і мае абавязкі выконвае. А яшчэ Алёна вельмі добрая. Хутка прыжылася на новым месцы, яе тут паважаюць. Цэніць і кіраўніцтва гаспадаркі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.