І сабе, і на продаж
Жыхары райцэнтра Тамара і Віктар Кацкелі даўно на пенсіі, але адпачынак ім толькі сніцца.
У пачатку гэтага тыдня напрошваюся да іх на сустрэчу. «Толькі не сёння! — ставяць умову. — У нас тэрміновая работа, цэлы дзень будзем занятыя».
А ў той дзень, калі я ўсё ж такі завітала да іх, гаспадыня завіхалася ля хрызантэм, а гаспадар рыхтаваў на зімовае захоўванне трактар. «Зрэшты, збіраемся яго прадаваць, — гаварыў. — З наступнага года не будзем вырошчваць бульбу: на нашай пясчанай зямлі яна не дае багатага ўраджаю. Да таго ж завёўся драцянік… Лепш няхай расце зерне на корм курам».
Асаблівы клопат Кацкеляў — чатыры цяпліцы. Найменшую, размерам 3х6 метраў, Тамара Іосіфаўна жартоўна называе шпакоўняй. Пра найбольшую, 5х12 метраў, гаворыць з гонарам: «Цяпліца з цяпліц! Я называю яе юбілейнай, бо ўстанавілі якраз да майго юбілею. Калі вясной каркас быў абцягнуты толькі з бакоў, высадзіла памідоры і сабрала з іх 45 вёдзер пладоў. Налета тут таксама будуць памідоры, агуркі, радыска і цыбуля. Высадзіць іх змагу намнога раней, чым гэта рабіла ў папярэднія гады, бо ў трох ранейшых цяпліцах спачатку вырошчвала расаду кветак і агародніны на продаж, і толькі збыўшы яе, высаджвала для сябе».
Так, на працягу многіх гадоў Тамара Іосіфаўна кожнай вясной прадае на рынку расаду, а летам і восенню — кветкі і агародніну. Яе добра ведаюць у твар пастаянныя пакупнікі. Віктар Паўлавіч, вобразна кажучы, застаецца за кадрам, бо не стаіць з таварам, але заўсёды дастаўляе яго на машыне. Яны выязджаюць на рынак не толькі ў Паставах, але і ў Варапаева, Мядзел, Нарач.
Гаспадары, якія вырошчваюць расаду для сваіх патрэб, ведаюць, наколькі клопатная гэта справа, хоць лік раслінак у іх ідзе на дзясяткі, а не на сотні, як у маіх герояў. Тут цэлы расадны пакой, сотні скрыначак, шкляначак, спецыяльныя стэлажы і паліўныя сталы, элекрычная падсветка. Пасеяць насенне, зрабіць пікіроўку расады, затым высадзіць яе ў падрыхтаваную глебу ў парніках, падкарміць, прапалоць — спраў кругаварот. Таму з вясны Тамара кожную раніцу ў 6 гадзін ужо працуе ў цяпліцы. Калі сонца падымаецца вышэй і прыпякае, пераходзіць у агарод. У Віктара свае клопаты — мужчынскай работы хапае. Да таго ж захапіўся развядзеннем буякаў. Высаджана шмат кустоў. Ягад хапае не толькі сабе, дзецям і ўнукам, але і на продаж.
Тамара Іосіфаўна — былая настаўніца. Віктар Паўлавіч працаваў дырэктарам завода, затым — электрыкам ва УП ЖКГ. Абое не маюць здароўя і маглі б адпачываць на пенсіі. Але гэта не ў іх характары.
Трэба ж карысць сям’і прыносіць. Ды і занятак ёсць заўсёды. Так жыць цікавей.
Віктар Кацкель
— Хочацца дапамагчы дзецям і ўнукам (у Кацкеляў трое дзяцей, 7 унукаў і 3 праўнукі — аўт.), — гаварыла гаспадыня. — Адных дзён нараджэння колькі! Дзве ўнучкі вучацца ва ўніверсітэце на платным аддзяленні. Што мы маглі б ім даць з пенсіі? А на рынку кожны раз нешта заробім.
Падчас размовы заўважаю ў адным з пакояў шклянкі з маленькімі раслінкамі. «Гэта я папасынкавала бягоніі і петуніі, — тлумачыла Іосіфаўна. — Да вясны падрастуць. Адразу пасля Новага года пачну высяваць насенне кветак, а праз некалькі тыдняў — перцаў, агуркоў, памідораў. Люблю працаваць на зямлі. Мне гэта перадалося ад мамы.
— А вас жонка не дужа напружвае кветкаводствам ды агародніцтвам? — пытаюся ў гаспадара. Віктар у адказ усміхаецца:
— Трэба ж карысць сям’і прыносіць. Ды і занятак ёсць заўсёды. Так жыць цікавей.
Як з гэтым не згадзіцца?
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара