И вновь кипит работа. С начала 2-й четверти в СШ №1 продолжился капитальный ремонт

Важное Образование

І зноў кіпіць работа

У першыя дні лістапада ў пастаўскую СШ №1 у чарговы раз прыйшлі будаўнікі. Яны павінны паставіць кропку ў капітальным рамонце галоўнага будынка школы, які пачаўся год назад па праекце «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» з фінансавай падтрымкай Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Як раней расказвалася на старонках газеты, за выдзеленыя навучальнай установе сродкі былі капітальна адрамантаваны першы і другі паверхі школы. На трэці грошай не хапіла. Таму яго рамонт вырашана было адкласці да таго часу, калі з’явіцца фінансаванне.

Летам раённая ўлада знайшла магчымасць выдзеліць школе з мясцовага бюджэту суму, неабходную для правядзення бягучага рамонту: атынкоўкі і афарбоўкі сцен і столі, замены электраабсталявання. Што і было зроблена, пакуль дзеці знаходзіліся на канікулах. Таксама звонку будынка адрамантавалі цокаль і ўсе ганкі: пафарбавалі, паклалі новую плітку, замянілі парэнчы.

Рабочыя КБУП «Рассвет Пастаўскі» дэманціруюць старую драўляную падлогу ў школе

Адначасова вырашалася пытанне з рамонтам туалетаў і падлогі. Гэтыя работы з’яўляюцца капітальнымі і фінансуюцца Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Перад іх пачаткам павінен быў прайсці тэндар, які вызначае выканаўцу работ. Ён стаў вядомы толькі ў верасні. Ім аказаўся наш «Рассвет Пастаўскі», які разам з віцебскай фірмай рамантаваў першы і другі паверхі школы, а таксама рабіў бягучы рамонт на трэцім паверсе.

— Зыходзячы з сітуацыі, першую вучэбную чвэрць дзеці займаліся на трэцім паверсе, а на другую мы перавялі іх на ніжнія паверхі ў свабодныя кабінеты, — расказваў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. — Каб рассадзіць вучняў і не ўводзіць другую змену, бо тады ўзнікаюць праблемы з харчаваннем і падвозам школьнікаў з сельскай мясцовасці, задзейнічалі настаўніцкую, музей, кабінет інфарматыкі, іншыя памяшканні. Папярэдне правялі сустрэчу з прадстаўнікамі бацькоўскага камітэта. Растлумачылі ім, што выдзеленыя грошы павінны быць выкарыстаны сёлета, і папрасілі разам з дзецьмі пацярпець часовыя нязручнасці.

Каб гэтых нязручнасцей было менш, адміністрацыя школы дамовілася з кіраўніцтвам «Рассвета Пастаўскага», што асабліва шумныя работы бу­дуць праводзіцца вечарам, калі заканчваюцца ўрокі. Частку з іх будаўнікі паспелі выканаць на асенніх канікулах. На мінулым тыдні завяршылі дэмантаж драўлянай падлогі ў калідорах і туалетах, дзе будзе залівацца сцяжка і ўкладвацца плітка. У класах пасцелюць лінолеум. Усё робіцца так, як і на двух ніжэйшых паверхах.

— З «Рассветам» заключаны дагавор, згодна з якім рамонт павінен быць завершаны сёлета. І па аб’ёме работ, і па тэрмінах мы бачым, што гэта рэальна зрабіць. Таму абяцаем бацькам: трэцюю чвэрць школьнікі пачнуць у сваіх класах на трэцім паверсе, — зазначыў Павел Трава.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.