Абавязкова па закліку сэрца
Выбар прафесіі для кожнага чалавека з’яўляецца вельмі важным крокам у жыцці. Таму да яго нельга падыходзіць спантанна —трэба ўзважыць усе «за » і «супраць»: гэта вялікая адказнасць не толькі перад сабой, але і перад іншымі.
З мэтай прафарыентацыі ў нашай школе праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі розных калектываў, у тым ліку з ваеннаслужачымі. Такія мерапрыемствы з’яўляюцца і адным з элементаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Асабліва карысныя яны для старшакласнікаў, бо тыя якраз знаходзяцца на парозе выбару сваёй будучыні. І, на маю думку, прафесіі, звязаныя са службай у арміі, гэта нядрэнны варыянт: да афіцэраў заўсёды ставіліся з асаблівай пашанай і павагай, як да людзей, якія прайшлі школу мужнасці і самаадданасці.
Пра Інстытут пагранічнай службы Беларусі, свой вопыт службы і тое, як прыйшоў да такога выбару — стаць ваенным —навучэнцам расказаў намеснік начальніка пагранічнай заставы “Ярэва” лейтэнант Яўгеній Шарневіч. Прыемна, што з боку вучняў назіралася актыўнасць. Яны не толькі ўважліва слухалі выступоўцу, але і ўступалі з ім у дыялог, задавалі шматлікія пытаннія, якія іх цікавілі. Гутарка атрымалася пазнавальнай.
Дзеці даведаліся, што ў гэтай навучальнай установе можна атрымаць адну з чатырох спецыяльнасцей: “Пагранічная служба”, “Пагранічны кантроль”, “Аператыўна-вышуковая дзейнасць” і “Ідэалагічная работа”.Пачынаючы з другога курса навучэнцы праходзяць стажыроўку на пагранзаставах.
Увазе школьнікаў быў прадстаўлены відэафільм пра быт і вучобу курсантаў, парадак і ўмовы паступлення ў ваенную ВНУ.
На заканчэнне сустрэчы госць пажадаў вучням як найхутчэй вызначыцца са сваёй будучай прафесіяй. А таксама зазначыў, што яна павінна быць выбрана па ўласным рашэнні і абавязкова па заліку сэрца.
Валянціна Падгайская, настаўніца Курапольскай ЯСБШ