Пусцеюць палеткі, папаўняюцца шохі
На дарогах раёна цяпер часта можна бачыць трактары з прычэпамі, загружанымі рулонамі льнотрасты. Яе ўбіраюць на апошніх гектарах і транспартуюць на льнозавод. Там кантрольны майстар Ларыса Жылевіч узважвае, правярае засмечанасць, вільготнасць, вызначае нумар і адпраўляе на разгрузку. Ёй займаецца высокакваліфікаваны механізатар Дзмітрый Скурацёнак. За тым, як ён працуе, прыемна назіраць: яго пагрузчык захоплівае з прычэпа адразу чатыры рулоны (агульная вага — 1 тона) і акуратна рад за радам укладвае іх у шохі. А такіх радоў у вышыню 7.

Успомніўся той час, калі лён рвалі і слалі ўручную. Пасля вылежкі падымалі сярпамі, вязалі ў снапы, уручную загружалі ў прычэпы і на льнозаводзе разгружалі. Трацілася шмат сіл і часу. Цяпер усе работы механізаваныя. Тым не менш у дажджлівыя гады тэхніка буксавала, і на льняныя палеткі выходзілі людзі — прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада. Сёлета надвор’е дазволіла абысціся без ручной працы.
— Трасты ў полі засталося мала, — гаварыў Дзмітрый Скурацёнак. — За дзень разгружаю і ўкладваю ў шохі да 100 тон. А бывала, што і па 400. Раней для выканання такога аб’ёму работ трэба было б задзейнічаць сотні чалавек.

Дзмітрыю падуладная любая тэхніка. З вясны да восені ён рыхтаваў глебу, сеяў, даглядаў пасевы, церабіў лён.
— На транспарціроўцы трасты з поля на завод штодня задзейнічана каля 10 адзінак тэхнікі, — расказвала Ларыса Жылевіч. — Найбольшую колькасць трасты за адзін рэйс прывозяць на МАЗах вадзіцелі Віктар Паўлаў і Віктар Субач. Стараюцца і іншыя механізатары. Работа кіпіць дацямна і без выхадных. У дзве змены працуе цэх перапрацоўкі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара