Насколько библиотеки Поставщины удовлетворяют литературные запросы поставчан?

Культура

На ўсе запыты і густы

Нягледзячы на паўсюдную лічбавізацыю, друкаваная кніга па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў. Наколькі бібліятэкі раёна задавальняюць літаратурныя запыты пастаўчан? Адказ на гэта пытанне карэспандэнт «ПК» шукала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Фонд цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна сёння складае 204 тысячы экзэмпляраў друкаваных і недрукаваных выданняў. З іх 31 тысяча — фонд райбібліятэкі. Пераважную яго частку — 27 тысяч — складаюць кнігі, астатняе — перыёдыка і аўдыявізуальныя выданні. Калі гаварыць пра літаратуру, то яна ў асноўным мастацкая: руская, беларуская, замежная. Але ёсць і вучэбная, профільная. Па словах дырэктара ЦБС Ганны Літвіновіч, установа арыентуецца на попыт чытачоў. А ён у апошнія 10-15 гадоў асабліва вялікі на мастацкія творы сучасных аўтараў.

Бібліятэкар Анастасія Гінько ўносіць новыя кнігі ў электронны каталог

— Людзям падабаюцца кнігі, якія лёгка і хутка чытаюцца, — кажа Ганна Віктараўна. — Сярод аўтараў перавагу аддаюць Уладзіміру Колычаву, Фрыдрыху Нязнанскаму, Дар’і Данцовай, Яўгенію Сухаву, Вользе Маслюковай, Віктару Праўдзіну, Зінаідзе Ду­дзюк і некаторым іншым. Хочаце іх пачытаць — калі ласка, прыходзьце. На абанеменце мы вядзём ўлік чытацкіх пажаданняў, і калі пра адну і тую ж кнігу пытаюцца некалькі чалавек, уключаем яе ў заяўку і купляем.

Мастацкая і іншая літаратура набываецца за сродкі раённага бюджэту. Дзякуючы супрацоўніцтву з усімі беларускімі дзяржаўнымі выдавецтвамі, а таксама недзяржаўнымі і расійскімі выдаўцамі, кніжны фонд ЦБС штогод папаўняецца прыкладна 3 тысячамі навінак. За 9 месяцаў бягучага года ўстанова атрымала ўжо больш за 1 600 кніг. Некалькі партый павінны паступіць у чацвёртым квартале.

Фонд цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна сёння складае 204 тысячы экзэмпляраў.

— Літаратуры дастаткова, — працягвае Ганна Літвіновіч. — Акрамя кніг, выпісваем беларускія і расійскія газеты і часопісы, таксама з улікам чытацкага інтарэсу да іх. Да таго ж дзейнічае абменны фонд. Мы стараемся максімальна ўкамплектаваць раённую і дзіцячую бібліятэкі, нямала адпраўляем у сельскія філіялы — усяго іх у нашай сістэме 20. Калі на сяле людзям не хапае чагосьці пачытаць, бібліятэкары прыязджаюць у Паставы і карыстаюцца фондам, які ёсць тут. У асноўным уся літаратура для чытачоў бясплатная, акрамя папулярных мастацкіх твораў, якія на некаторы час змяшчаем у камерцыйны фонд. Узяць пачытаць іх можна за чыста сімвалічную плату.

Літаратура, гатовая адправіцца ў сельскія бібліятэкі

Кожная кніга, якая паступае ў бібліятэкі раёна, перш чым трапіць да чытача, праходзіць доўгі шлях афармлення. Яе праштампоўваюць, уносяць у электронны каталог, прысвойваюць інвентарны нумар і класіфікацыйны індэкс. Гэтым займаюцца загадчык аддзела камплектавання і апрацоўкі адзінага фонду ЦБС Наталія Пушкіна і бібліятэкар Анастасія Гінько. У чытальнай зале райбібліятэкі працуе электронны каталог для чытачоў, дзякуючы якому кожны наведвальнік можа паглядзець, якія кнігі, газеты, часопісы, артыкулы ёсць у фондзе. Пошук вядзецца па тэмах, прадметных рубрыках, аўтарах.

— Калі пачалася эпідэмія каранавіруса, зменшылася колькасць масавых мерапрыемстваў. І лю­дзі сталі больш хадзіць па кнігі, — зазначае Ганна Літвіновіч. — Да нас вярнуліся чытачы, якія не наведвалі бібліятэку працяглы час. Зараз ва ўмовах розных абмежаванняў яны бачаць кнігу як адзін з інструментаў добрага адпачынку. Мы ў сваю чаргу асвоілі новыя спосабы работы з чытачамі. Адзін з іх — кніжныя выставы ў акне, якія карыстаюцца папулярнасцю і завабліваюць гараджан у бібліятэку.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.