Ганарацца лідарамі
На раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, тры пераходныя вымпелы былі ўручаны дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку. Сельгаспрадпрыемсту прысуджана 1-е месца па вытворчасці рапсу, 2-е — па вытворчасці зерня, 3-е — па нарыхтоўцы кармоў.
Навасёлкаўская зямля здаўна славіцца сваімі працоўнымі традыцыямі, добрасумленнымі і адданымі абранай справе людзьмі. У ліку тых, хто вызначаецца надзейнасцю, прафесіяналізмам, многія механізатары. Яны ўносяць свой вялікі ўклад у агульны поспех. Пацвярджэнне таму — перамога ў раённым спаборніцтве на розных відах работ і заваяваныя дыпломы, Ганаровыя граматы райвыканкама, Падзякі старшыні райвыканкама. Іх удастоены 15 найлепшых работнікаў гаспадаркі.

Андрэй Жалейка — лідар на адвозцы кармоў. На МТЗ-1221 ён перавёз 22 237 тон зялёнай масы. Юрый Татарчук заняў 1-е месца на сяўбе яравых і азімых зерневых — на трактары «Джон Дзір» засеяў 2 480 га. Уладзімір Скавародка на 2-м месцы сярод механізатараў на ўнясенні мінеральных удабрэнняў. На МТЗ-1221 з РДУ-1,5 ён падкарміў пасевы на 3 637 гектарах.
Самых шчырых слоў пахвалы заслужылі і Руслан Шымко, Валерый Вайткевіч, Генадзій Анкудовіч. Яны аднолькава старанна працуюць на касьбе траў, ворыве і апрацоўцы глебы. У гаспадарцы ганарацца лідарамі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара