Аб’яднае Мазырскі пагранатрад
У панядзелак стартаваў другі этап адпраўкі ў армію папаўнення. Сёлета ён праводзіцца з 15 па 30 лістапада.
— У бягучай прызыўной кампаніі планавая адпраўка на тэрміновую ваенную службу праходзіць у 2 этапы, — паведаміў ваенны камісар раёна Мікалай Кулік. — Камплектацыя злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл Беларусі адбывалася з 25 кастрычніка па 5 лістапада. З раёна адпраўлена 35 юнакоў. Падчас другога этапа прызыўнікі папоўняць шэрагі ўнутраных войск МУС, часцей Дзяржпагранкамітэта і КДБ. Мяркуецца, што 8 нашых землякоў будуць падтрымліваць парадак у краіне, 9 — ахоўваць граніцу Радзімы.
Дэфіцыту прыгодных да службы прызыўнікоў у восеньскім прызыве не адчуваецца, чаго не было ўжо як мінімум 3 гады. Хутчэй за ўсё, раён нават перавыканае даведзены па навабранцах план. Адзначае прызыўная камісія і яшчэ адзін плюс: усе юнакі пазітыўна настроены на службу, у армію адпраўляюцца без прымусу. І гэта вельмі радуе.

У нашым раёне першапраходцы другога этапа адпраўкі — Ілья Пупкевіч, Максім Альфер і Аляксей Каралеўскі. Усе трое з’яўляюцца выпускнікамі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Будзе аб’ядноўваць хлопцаў і месца службы — Мазырскі пагранічны атрад.
Ілья — з аграгарадка Камаі, па прафесіі — повар, прадавец. Захапляецца інтэлектуальнымі і гульнявымі відамі спорту. У прыватнасці, любіць шашкі, шахматы, тэніс, валейбол, баскетбол і футбол.
— Размеркаванню ў шэрагі пагранічнікаў рады, бо менавіта сам туды імкнуўся, — дзяліўся ўражаннямі Ілья Пупкевіч. — Мой брат — пагранічнік, зараз служыць па кантракце ў Брэсце. Пасля праходжання тэрміновай службы аформіцца на кантрактную планую і я.
Мае цудоўны настрой і вялікае жаданне служыць і Максім Альфер. Не выключана, што ў арміі яму давераць якую-небудзь ваенную тэхніку: хлопец мае спецыяльнасць вадзіцеля, слесара па рамонце сельгасмашын. Па словах юнака, засмучае толькі тое, што па ім будуць сумаваць бацькі. Але ж гэта часова!
Хоць крыху і хвалююцца за трывожную сітуацыю на заходніх межах Беларусі тата і мама Аляксея Каралеўскага, усё адно да прызыву сына адносяцца станоўча.
— Я родам з Варапаева, — расказваў Аляксей. — У каледжы адвучыўся на тэхніка-механіка. Настроены пазітыўна, бо лічу, што ўсе юнакі павінны прайсці армейскую школу. Мой сябар служыў дэсантнікам, расказваў, што на адаптацыю патрэбна не больш за 3 месяцы. Спраўлюся з усімі цяжкасцямі і я.
Ужо некалькі гадоў на Пастаўшчыне існуе традыцыя перад адпраўкай гаварыць прызыўнікам слова на дарогу, дарыць невялічкія падарункі ад райвыканкама. Атрымалі іх і прызыўнікі бягучай кампаніі.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара