Объединяет общее дело. Иван Радкевич с сыном Денисом работают на ОАО «Поставымебель»

Общество

Аб’ядноўвае агульная справа

Сямейныя працоўныя дынастыі — гонар любога калектыву. Пераемнасць традыцый, дачыненне да агульнай справы ўласцівыя тым, хто з пакалення ў пакаленне застаецца верным прафесіі. Кожную раніцу спяшаецца да сваіх станкоў на завод «Паставымэбля» і Іван Радкевіч разам з сынам Дзянісам.

На прадпрыемства Іван Радкевіч прыйшоў адразу пасля арміі і шчыруе тут ужо 37 гадоў. Яго працоўны стаж усяго на 4 гады меншы за ўзрост завода. Успамінае, што ў той час у асноўным выпускалі вучэбную мэблю, цяпер асартымент значна пашырыўся. Зараз Іван Мустафавіч задзейнічаны на адным з ключавых этапаў вытворчасці — свiдравальным. Ад таго, наколькі дакладна ён прасвідруе адтуліну ў дэталі, залежыць якасць зборкі, а значыць — і самога вырабу. У найбліжэйшы час ацаніць майстэрства Івана, як і іншых завадчан, змогуць у паліклініцы Ленінскага раёна Мінска, адкуль «Паставымэблі» паступіў буйны заказ на выраб набораў офіснай мэблі.

Заўжды прыемна бачыць вынік сваёй працы, — сцвярджае кантралёр свідравальна-прысадачных станкоў Іван Радкевіч. Часта бачу нашу мэблю ў тых жа навінах па тэлебачанні, калі паказваюць сюжэты пра адкрыццё дзіцячых садкоў, школ і іншых сацыяльных устаноў краіны. У такія хвіліны асабліва ганаруся нашым прадпрыемствам.

Задавальняе Івана Радкевіча і зарплата, і ўмовы працы. Таму, калі прыйшоў час працаўладкоўвацца яго сыну, параіў зрабіць выбар на карысць «Паставымэблі». Дзяніс прыслухаўся. Па адукацыі ён тэхнік-механік па абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, таму завод першапачаткова разглядаў як часовае месца працы, пакуль не праясніцца сітуацыя з прызывам у армію. Але, як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

На заводзе я ўжо 10 гадоў, — расказваў станочнік дрэва­апрацоўчых станкоў Дзяніс Радкевіч. — Пачынаў на прамалінейным кантаабліцовачным станку, потым асвоіў крывалінейны. Цяпер працую на апрацоўчым цэнтры Rover. Сам складаю для яго праграмы, сачу за спраўнасцю абсталявання. Раблю ў асноўным сталы, фасады кухонных дзвярэй і шаф.

І бацька, і сын працуюць пад непасрэдным кіраўніцтвам начальніка цэха Дзмітрыя Казлова. Ён сцвярджае, што на такіх адказных і працавітых работніках, як Радкевічы, і трымаецца ўся вытворчасць:

Ім можна даверыць любую работу і не трэба кантраляваць. А ўлічваючы вялікі вопыт работы Івана Мустафавіча, часта раюся з ім, як спрасціць той ці іншы выраб, удасканаліць яго. Часам разам распрацоўваем карту свідравання, абмяркоўваем наладку станка. Так, ёсць абкатаныя, стандартныя шаблоны, але даводзіцца распрацоўваць і новыя. Да задачы заўжды падыходзім творча.

А ўсё для таго, каб павысіць якасць прадукцыі, паскорыць яе выраб, зрабіць прывабнай для пакупнікоў.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.