Памятник Герою Советского Союза Василию Сидоренко заменили на более величественный и современный

Важное История

Каб памяць была трывалай

Адна з пастаўскіх вуліц носіць імя Васілія Сідарэнкі — Героя Савецкага Саюза, які вызначыўся пры вызваленні Пастаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1984 годзе ў яго гонар у пачатку вуліцы быў устаноўлены помнік. Амаль чатыры дзесяцігоддзі ён нагадваў мінакам пра гэтага мужнага, самаадданага чалавека і пра Вялікую Айчынную ўвогуле. Аднак сёлета было прынята рашэнне замяніць помнік на больш велічны і сучасны.

9 лістапада на скрыжаванні вуліц Кляра і Сідарэнкі было непрывычна ажыўлена: тут працавала тэхніка, шчыравалі работнікі УП ЖКГ, ААТ «ПастКамень». Спачатку яны дэманціравалі стары помнік, пасля пачалі ўстанаўліваць новы.

Яго за сродкі мясцовага бюджэту вырабілі ў ААТ «ПастКамень», там жа быў зроблены яго эскіз, — расказваў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Абнаўляць памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, яе ахвяр працягнем і надалей. У раёне зацверджаны цэлы комплекс мерапрыемстваў, які бу­дзе рэалізаваны згодна з Дзяржаўнай праграмай «Увекавечанне памяці пра загінулых пры абароне Айчыны». Яна разлічана на 2021—2025 гады. Спадзяюся, за гэты час яшчэ многае ўдасца ўвасобіць у жыццё.

Сёлета на абнаўленне помнікаў, добраўпарадкаванне месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай у горадзе і раёне выдзелена 10 тысяч рублёў. Амаль уся сума ўжо зрасходавана. Палова гэтых сродкаў пайшла на стварэнне новага помніка Васілію Сідарэнку, астатнія былі размеркаваны па сельсаветах. Самыя значныя і затратныя работы праведзены ў Юнькаўскім (на месцы пахавання мірных грамадзян у Кашыцах) і Камайскім (там падрамантавалі помнікі ў цэнтры аграгарадка і ў Дварчанах).

Няма сумненняў, што да помніка герою будзе скіравана павышаная ўвага мінакоў. І вельмі дарэчы нагадаць пра жыццё і подзвіг гэтага чалавека, які мужна і самааддана абараняў Радзіму ад фашысцкай навалы.

Васілій Сідарэнка нарадзіўся ў Курскай вобласці, да вайны скончыў 4 курсы горнага інстытута, працаваў на шахце ў Данбасе і на заводзе ў Варонежы. На франтах Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў кастрычніку 1943 года. Праявіў сябе падчас вызвалення нашага горада.

10 ліпеня 1944 года батальён Сідарэнкі аказаўся ў акружэнні пад Паставамі. Артылерыйскі ўзвод пад яго камандаваннем у няроўнай барацьбе паспяхова адбіў нямецкія контратакі, знішчыўшы больш за 100 варожых салдат і афіцэраў.

Тыя жудасныя падзеі Васілій Сідарэнка падрабязна апісаў у адным з пасляваенных пісьмаў, адрасаваных вучням і настаўнікам пастаўскай СШ №2 — яны вялі з героем вайны перапіску. Копіямі гэтых напісаных ад рукі лістоў з рэдакцыяй падзяліўся раённы края­знаўчы музей.

«…Враг продолжал наседать, — пісаў Васілій Сідарэнка. — Став сам к пушке за прицел, подпустив фашистов на 50 метров, выпустил по ним последние снаряды. После этого поднял оставшихся бойцов, и с криком «за Родину!» с гранатами в руках пошли на гитлеровцев. В этот момент в тыл врага зашла соседняя часть, и при её поддержке мы прорвали кольцо окружения, вышли к своим и начали гнать фашистов дальше на запад».

 

Менавіта за праяўленую адвагу і гераізм падчас вызвалення Пастаў малодшы лейтэнант Васілій Сідарэнка быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, шэрагам медалёў. Мае статус ганаровага грамадзяніна Пастаў.

Пасля вайны Васілій Сідарэнка жыў і працаваў у Курску, аднак пра Паставы памятаў заўжды. У лістападзе 1967-га ён прыязджаў у наш горад на святкаванне 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Васілій Аляксеевіч наведаў другую школу, правёў сустрэчу ў гасцініцы, воінскіх часцях, на раённай урачыстасці, дэманстрацыі. Падрабязней пра тыя мерапрыемствы з удзелам высокага госця таксама можна прачытаць у музеі. Там захоўваюцца ўспаміны Тамары Афанасьеўны Качаноўскай, ветэрана працы, былой настаўніцы СШ №2. «Яму была ўручана шкатулка з глебай Пастаўшчыны як памяць пра тую зямлю, дзе ён ваяваў, ­— узгадвала настаўніца. — Перапіска з Героем Савецкага Саюза працягнулася і пасля. Піянеры, а пасля ўжо камсамольцы віншавалі Васілія Аляксеевіча са святамі, сустракаліся з яго аднапалчанамі».

Памёр Герой Савецкага Саюза ў 1978 годзе. Аднак памяць пра яго працягвае жыць і на радзіме ў Расіі, і ў Паставах. І памяць гэта будзе трывалай, як новы каменны помнік, ля якога будуць спыняцца і наступныя пакаленні гараджан.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.