Пока сотрудники ГАИ проводили рейд по профилактике ДТП, произошла авария на ул. Советской

Безопасность

Парушэнне можа каштаваць жыцця

З 8 па 30 лістапада на тэрыторыі Пастаўскага раёна праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам і па віне пешаходаў, веласіпедыстаў і вадзіцеляў гужавых павозак. Наколькі дысцыплінаваныя яны на дарогах, убачыла карэспандэнт «ПК», далучыўшыся да экіпажа ДПС аддзялення ДАІ АУС райвыканкама ў складзе капітана міліцыі Андрэя Ціхановіча і старшага лейтэнанта Анатолія Шымковіча.

Позняя восень — змрочная і шэрая пара, калі рэдка выглядвае сонца, часта ідуць дажджы, раніцай быва­юць густыя туманы, а вечарам рана цямнее. Ва ўмовах абмежаванай бачнасці, а таксама ў цёмны час сутак пешаходы, веласіпедысты і вадзіцелі гужавых павозак, каб не трапіць пад колы аўтамабіляў, абавязаны абазначаць сябе флікерамі. Кіроўцам веласіпедаў і павозак, акрамя таго, рэкамендуецца апранаць святлоадбівальныя камізэлькі. Рухацца пешаходы і веласіпедысты павінны па тратуарах, пешаходных і веласіпедных дарожках і толькі пры іх адсутнасці — па краі праезнай часткі. Пераходзіць дарогу — ва ўстаноўленых для гэтага месцах і вельмі ўважліва. Перш чым выйсці на праезную частку, трэба пераканацца, што вадзіцелі транспартных сродкаў вас заўважылі і прапускаюць, перастаць размаўляць па тэлефоне, адключыць або зняць навушнікі. Гэта элементарныя правілы бяспекі. Але іх, як аказалася, выконваюць далёка не ўсе пастаўчане.

Андрэй Ціхановіч праводзіць прафілактычную гутарку з адным з парушальнікаў правілаў дарожнага руху

Ледзь толькі наш экіпаж выехаў на вячэрняе дзяжурства па гора­дзе, на вуліцы 17 Верасня, побач з магазінам «Хіт-Экспрэс», убачылі веласіпедыста, які перасек праезную частку дарогі, не спешыўся са свайго транспартнага сродку, да таго ж рухаўся па сустрэчнай паласе. Інспектары спынілі мужчыну і правялі з ім прафілактычную гутарку, папярэдзіўшы: калі яшчэ раз парушыць правілы дарожнага руху — будзе аштрафаваны на 1 базавую велічыню. Тут жа фіксуем парушэнне правілаў паркоўкі аўтамабіля. Андрэй Ціхановіч робіць заўвагу аўтааматарцы, што ставіць машыну каля магазіна нельга: гэта забараняе адпаведны знак.

Пераязджаем на вуліцу Камсамольскую, да магазіна «Пасаднік». І зноў не паспяваем спыніцца, як насустрач па праезнай частцы дарогі побач з тратуарам коціцца веласіпедыст. Інспектары запрашаюць яго ў службовы аўтамбіль, дзе робяць вусную заўвагу і адпуска­юць. А літаральна праз 5 хвілін ПДД парушае жанчына. Яна перасякае вуліцу Савецкую на веласіпедзе па-за пешаходным пераходам, які знаходзіцца побач. З грамадзянкай таксама праводзяць прафілактычную гутарку і рэкамендуюць ёй апрануць святлоадбівальную камізэльку, бо на дварэ пачынае цямнець.

Праходзіць яшчэ пару хвілін — і ў поле зроку інспектараў трапляе чарговы парушальнік. На гэты раз 16-гадовы хлопец. Ён рухаецца на веласіпедзе без святлоадбівальных элементаў, люстэрка задняга віду і званка, прытым па праезнай частцы дарогі. На першы раз юнак абыходзіцца вуснай заўвагай. Атрымліваюць яе і двое спыненых дзяржаўтаінспектарамі вадзіцеляў аўтамабіляў, якія не прайшлі тэхагляд і не маюць дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху.

Святлоадбівальныя элементы дазваляюць пешаходу «свяціцца» ў блізкім святле фар на адлегласці 130-140 метраў, а пры руху з далёкім святлом адлегласць бачання павялічваецца да 400 метраў.

Вырашаем змяніць месца «дыслакацыі». Але даехаць да новага не паспяваем: па дарозе інспектарам паведамляюць па рацыі, што па вуліцы Савецкай адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Трэба ехаць туды і разбірацца. Высвятленне абставін ДТЗ і замеры займаюць хвілін 20. Затым інспектары і ўсе ­ўдзельнікі аварыі (на шчасце, ніхто з людзей не пацярпеў) адпраўляюцца ў аддзяленне ДАІ для афармлення папер. Працягваць потым дзяжурства з экіпажам мне не мае сэнсу: будзе ўжо даволі позна, і на вуліцах амаль нікога не застанецца. Таму вяртаюся дамоў. Тым не менш убачанага за кароткі час хапіла, каб пераканацца ў легкадумнасці паво­дзін многіх грамадзян на дарозе. Калі ехалі на ДТЗ, пад колы ледзь не трапіла дзяўчына, якая, не пагля­дзеўшы па баках, стала пераходзіць вуліцу прама перад аўтамабілем.

Аварыя па вуліцы Савецкай

— Штодзень нашы экіпажы фіксуюць каля 10 парушэнняў правілаў дарожнага руху веласіпедыстамі і пешаходамі, некаторыя з якіх знаходзяцца ў нецвярозым стане, — расказваў Андрэй Ціхановіч. — Пешаходы часцей за ўсё не ма­юць пры сабе флікераў, бывае, пераходзяць праезную частку дарогі ў неўстаноўленых месцах. Веласіпедысты рухаюцца па ёй пры наяўнасці тратуара, у многіх не абсталяваныя адпаведным чынам веласіпеды. Большасці парушальнікаў выносім вуснае папярэджанне. Часам штрафуем. Так абыходзімся з тымі, хто на працягу года ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.