Паўстагоддзя крочаць разам
Нямногія рашаюцца ў цяперашні, небяспечны з-за каранавіруса, час збірацца кампаніяй. Але Яўгенія і Іван Новакі з вёскі Целякі не змаглі не дазволіць сваім дзецям і ўнукам зладзіць для іх залатое вяселле.
А вось тое, што ў той суботні дзень у хату завітаюць з кветкамі і падарункамі старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько, культработнікі Марына Смулько, Юлія Кетрыс і карэспандэнт газеты, стала для віноўнікаў урачыстасці поўнай нечаканасцю («сакрэт» ведала толькі іх дачка Святлана). Разгубленыя, узрушаныя сужэнцы прымалі шчырыя віншаванні, а потым Марына і Юлія выканалі для іх некалькі прыгожых песень. Расчуліліся нават госці, якія ўжо сабраліся, але яшчэ не паспелі сесці за святочны стол. Сярод іх была і самая далёкая — стрыечная Іванава сястра, якая прыехала ажно з Краснадара і з якой яны не бачыліся 40 гадоў.

Мы не сталі замінаць родным у бяседзе і, выканаўшы сваю прыемную місію, пакінулі дом. Я толькі і паспела зрабіць здымкі. А пагутарылі праз некалькі дзён. Звярнула ўвагу на нетутэйшы дыялект суразмоўцаў.
— Так, мы не мясцовыя, — тлумачылі гаспадары. — Наша малая радзіма — Століншчына. Маладымі абое працавалі ў Гарыні на будаўніцтве завода па выпуску дрэнажных труб. Там і пазнаёміліся.
Стварыўшы сям’ю, яны ўладкаваліся ў калгас: Жэня — свінаркай, Іван — трактарыстам. Пабудавалі прасторны дом, нарадзілі трох дачушак. Жылі дружна, шмат працавалі. Яўгенія нават з’яўлялася дэпутатам раённага Савета. І нішто не сарвала б іх з родных мясцін, калі б не аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Сталі хварэць дзеці. Дзеля іх выратавання бацькі рашыліся змяніць месца жыхарства. Меркавалі перасяліцца ў Латвію на некалькі гадоў, пакуль падрастуць дочкі і ўмацуецца іх здароўе, і вярнуцца на радзіму.

Аднак усё склалася інакш. Старэйшая дачка, Галя, выйшла ў Латвіі замуж. Праз пяць гадоў пасля іх пераезду распаўся СССР. Неўзабаве перастаў існаваць і калгас, уякім Новакі працавалі. Яны засталіся без работы і былі вымушаныя шукаць новае месца.
— Пастаўскі раён выбралі таму, што адгэтуль бліжэй да Латвіі, чым з нашай Століншчыны, — расказвала Яўгенія Адамаўна. — У Латвіі заставалася замужняя дачка, і нам не хацелася ад яе аддаляцца. Калі б маглі прадбачыць, што яна хутка з’едзе з мужам у Амерыку, несумненна, паехалі б на радзіму. Але што цяпер гаварыць пра гэта — 30 гадоў пражылі ў Целяках. Прынялі нас тут добра. Вельмі ўдзячныя тагачаснаму старшыні калгаса імя Мічурына Пятру Міхайлавічу Розынку. Гаспадарка дала транспарт на перавоз маёмасці з Латвіі, мы атрымалі добры калгасны дом. А калі сярэдняя дачка выходзіла замуж, узялі ў калгасе беспрацэнтны крэдыт з растэрміноўкай, каб зладзіць вяселле. Мы таксама стараліся. Я працавала даяркай, муж — трактарыстам. Абое ўжо даўно на пенсіі.
Разгалінаваўся род Новакаў. УЯўгеніі Адамаўны і Івана Паўлавіча 8 унукаў і 4 праўнукаў. Дачка Галя з мужам і дваімі дзецьмі жыве ў ЗША. Працуе аперацыйнай сястрой. Да бацькоў наведваецца амаль кожны год. Рэгулярна трымае сувязь з імі і з сёстрамі па скайпе. Святлана і Аня абуладкаваліся ў Паставах. Адна працуе эканамістам у ТЦСАН, другая загадвае ювелірным магазінам. У абедзвюх добрыя сем’і, годныя, ужо дарослыя, дзеці.
Усе яны, за выключэннем тых, што жывуць за акіянам, сабраліся на залатое вяселле. Такая дружная святочная грамада! Хіба магло быць для бацькоў большае шчасце, чым бачыць у дзень свайго залатога вяселля здаровых, прыгожых, паспяховых дзяцей і ўнукаў і цікаўных, гарэзлівых, ласкавых праўнучак? Таму і свяціліся іх вочы радасцю. А за святочным сталом доўга гучалі віншаванні і ўспаміны.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара