Раскаяўся, ды позна
Вось ужо год жыхар вёскі Кейзікі Віталій Г. знаходзіцца ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён трапіў туды па прыгаворы суда Пастаўскага раёна за здзяйсненне цяжкага злачынства.
Віталій у свае 57 гадоў жыў адзін. Час ад часу да яго наведвалася аднавяскоўка, і яны разам распівалі спіртное. З застолля пачаўся і той вечар. Падчас сумеснага распіцця моцных напіткаў гаспадар і яго госця пачалі высвятляць адносіны між сабой. Успыхнула спрэчка — і той жорстка збіў жанчыну. Заключэннем судова-медыцынскай экспертызы пацверджаны шматлікія кровападцёкі на яе твары, грудной клетцы, нагах, пераломы трох рэбраў, грудзіны, закрытыя тупыя траўмы жывата з разрывамі селязёнкі і забрушыннай гематомай.
Па паказаннях пацярпелай у судзе, яна памятае толькі першы ўдар кулаком у твар, ад якога ўпала. Што адбывалася далей, не ведае. Апрытомнела толькі на другі дзень, а «хуткую» выклікала ажно на трэці. Яе даставілі ў цэнтральную райбальніцу. Працяглы час знаходзілася там на лячэнні.
У працэсе дасудовай вытворчасці і ў ходзе судовага разбіральніцтва даследавалася пытанне псіхічнага здароўя грамадзяніна Г. Згодна з заключэннем комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, грамадзянін мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Аднак пакутуе ад такога псіхічнага расстройства, як сіндром залежнасці ад алкаголю. Не мае пастаяннага месца работы, у доме пануе антысанітарыя.
Абвінавачваны Г. сваю віну прызнаў цалкам і раскаяўся ва ўчыненым. Аднак, улічваючы ўсе абставіны, суд прыйшоў да высновы, што мэта крымінальнай адказнасці — а гэта выпраўленне і перавыхаванне грамадзяніна — можа быць дасягнута пры назначэнні яму пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. А таксама прызнаў Г. вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання і на падставе ч.1 арт. 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму назначана прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання. Акрамя таго, па справе пацярпелай быў пададзены грамадзянскі іск аб утрыманні матэрыяльных сродкаў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай ёй злачынцам. Іск судом задававолены.
Наталля Жукава, суддзя суда Пастаўскага раёна