Ад папрадух да воўчых вяселляў
Расказваем пра адметнасці Піліпаўскага посту ў нашых продкаў, а таксама дзелімся даўнімі рэцэптамі посных страў.
Заўтра ў каталікоў і праваслаўных распачынаецца Піліпаўскі пост. Ён названы ў гонар апостала Піліпа, якога за прапаведаванне Божага Слова ўкрыжавалі ўніз галавой. Нязломнасць яго духу і веры — прыклад для многіх вернікаў.
Праваслаўная царква ўшаноўвае памяць пра апостала 27 лістапада — за дзень да пачатку шасцітыднёвага Піліпаўскага посту. Для нашых продкаў гэта быў асаблівы час: былі свае адметнасці і ў працы, і ў адпачынку, і ў ежы. Якія менавіта, «ПК» расказвае дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська:
— Піліпаўскаму посту папярэднічалі піліпаўскія запусты. За дзень-два да посту ў вёсках масава калолі свіней. Мяса і сала засольвалі, рабілі каўбасы, іншыя прысмакі. Каштавалі ўсё гэта на Каляды. Падчас посту мяса ў ежу не ўжывалі (выключэнне рабілі толькі для дзяцей). Аднак і посныя стравы былі досыць смачнымі і разнастайнымі: гатавалі клёцкі, зацірку, крупнікі, капусту з грыбамі, рыбу, бульбу з ільняным семем…Удосталь было і саленняў.
Піліпаўка (так па-простаму называлі гэты пост) была перыядам бесперапыннай працы. Для мужчын галоўнай задачай было паспець абмалаціць да Каляд збожжа, бо, як казалі раней вяскоўцы, «па Калядах мышы хвастамі збожжа малоцяць». Займаліся мужчыны і лозапляценнем, бондарствам, ганчарствам.
Жанчыны ў асноўным пралі з ільну і бавоўны. Нездарма ў народзе казалі: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, то ў Вялікі пост сатчэш».
— Жанчыны звычайна пралі разам, — працягвала Ксенія Вячаславаўна. — Для гэтага збіраліся ў чыёйсьці хаце. Туды прыносілі свае прасніцы, верацёны… Першы тыдзень посту называўся кудзеліцай, а такія сумесныя зборы — папрадухамі або вечарушкамі.
Маладыя дзяўчаты часта здымалі на перыяд усёй Піліпаўкі сялянскую хату — напрыклад, ва ўдавы ці адзінокай жанчыны. Плацілі за «арэнду» крупамі, бульбай, ільном… З сабой прыносілі газу і пры лямпах пралі, часта суправаджаючы работу спевамі.
Прыходзілі да дзяўчат і хлопцы, часцей не са сваіх, а з суседніх вёсак. Юнакі размаўлялі, жартавалі, прыглядаліся да будучых нявест.
— Піліпаўскаму посту папярэднічала Вялікая вясельніца — самы багаты на вяселлі час, — казала мая суразмоўца. — Калі ён заканчваўся, дзяўчаты спявалі: «Была восень — цяпер зіма, былі хлопцы — цяпер няма». Мелася на ўвазе, што ўсе яны перажаніліся. І Піліпаўка была якраз тым часам, калі ўтвараліся новыя пары.
Дзеці і падлеткі збіраліся асобна ад моладзі. Нярэдка бацькі наймалі для іх казачнікаў — старэйшых вяскоўцаў, якія ведалі найбольшую колькасць казак, фантастычных гісторый. З якой цікавасцю іх слухалі дзеці!
Ні малодшым, ні старэйшым у Піліпаўку не рэкамендавалася хадзіць у лес. Лічылася, што ў гэты час ладзіліся «воўчыя вяселлі»: ваўкі па ваколіцах хадзілі зграямі, а па начах моцна і працягла вылі. У народзе нават прыжыліся такія выслоўі: «Выць, што воўк піліпаўскі», «Разгуляцца, як ваўкі на Піліпаўку», «Глядзець скосу, як воўк піліпаўскі».
Заканчвалася Піліпаўка 6 студзеня. У гэты дзень, на Куццю, на сталах былі ўжо іншыя традыцыйныя стравы.
Какоркі з гарохам
Рэцэпт запісаны ад жыхаркі вёскі Целякі Пастаўскага раёна Людмілы Ларыонавай
Гатуецца гэта ідэальная для посту страва так. Бульбу вараць у шалупінні, затым ачышчаюць і таўкуць. Атрыманую масу пасыпаюць мукой і раскатваюць, дзеляць на кавалкі. На кожны з іх кладуць перацёрты вараны гарох. Затым усё запякаюць у печы да румянай скарынкі (зараз гаспадыні могуць выкарыстоўваць духоўку).
Пельмені з сухімі грыбамі
Рэцэпт запісаны ад жыхаркі Камай Тэрэсы Грэські
Каб прыгатаваць такую страву, трэба замачыць, потым добра вымыць і зварыць сухія грыбы ў падсоленай вадзе. Астудзіўшы, перакруціць іх у мясарубцы (ці здрабніць у блэндары), змяшаць са смажанай цыбуляй — начынка гатовая. З мукі, вады і дробкі солі замясіць цеста (яно будзе досыць тугое, бо поснае). Зляпіць пельмені і зварыць. Не страва, а сапраўдны вясковы далікатэс!
Іна Сняжкова
Фота носіць ілюстрацыйны характар