Сярод валанцёраў года – гімназісты
Сталі вядомыя вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года». У намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад сярод моладзі, якая вучыцца» дыпломам ІІІ ступені адзначаны атрад пастаўскай гімназіі «Добрае Сэрца».
Конкурс праводзіцца ў краіне штогод. Яго галоўны арганізатар — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Мэты конкурсу — папулярызаваць і развіваць у Беларусі валанцёрскі рух, выяўляць і заахвочваць яго лідараў.
Пастаўчане ўдзельнічаюць у конкурсе з года ў год. Сёлета на вобласці раён прадстаўлялі 4 валанцёрскія атрады — з гімназіі, СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, СШ №3 і №4. Удзельнікі падрыхтавалі творчыя відэаролікі пра дзейнасць валанцёраў. Найбольш аргкамітэту спадабалася работа гімназістаў.
Валанцёры «Добрага Сэрца» ў конкурсе ўдзельнічаюць не ўпершыню. У 2019 годзе атрад ужо быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені. І вось сёлета — зноў поспех.
— Валанцёрскі атрад «Добрае Сэрца» дзейнічае ў нашай установе з 2018 года і сёння аб’ядноўвае паўтара дзясятка вучняў 9—11 класаў, — расказвала педагог-арганізатар гімназіі Валерыя Тарасевіч, якая кіруе работай валанцёраў. — На працягу ўсяго года мы ўдзельнічаем у разнастайных дабрачынных акцыях і мерапрыемствах, якія ладзіць райкам БРСМ, арганізуем іх і самі. Наша задача — дапамагаць усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Мы наведваемся ў Сацыяльна-педагагічны цэнтр раёна, карэкцыйны цэнтр, наведваем людзей пажылога ўзросту і іншых. І для гімназістаў гэта — найлепшыя ўрокі міласэрнасці, спагады. Перад Новым годам іх будзе як ніколі многа. Ёсць планы аднесці падарункі дзеткам з асаблівасцямі развіцця і дзяўчынкам і хлопчыкам, забраным з сем’яў. Іх шчаслівыя вочы — і ёсць найлепшая ўзнагарода для нас.
Іна Сняжкова