Ідэі пастаўчан ацанілі годна
17 лістапада адбыўся занальны тур рэспубліканскага маладзёжнага навацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі». У ліку пераможцаў ёсць і пастаўчане.
З-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце. Яно аб’яднала маладых людзей з Пастаўскага, Глыбоцкага, Браслаўскага і Міёрскага раёнаў. Мадэратарам сустрэчы выступіла першы сакратар Пастаўскага райкама БРСМ Кацярына Малевіч.
Усяго ў адборы ўдзельнічала 14 праектаў. Яны былі прадстаўлены ў розных намінацыях: «Энергетыка», «Хімічныя тэхналогіі. Нафтаперапрацоўка», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», «Экалогія», «Грамадства і сацыяльная галіна», «Найлепшая бізнес-ідэя».
Пастаўчане да занальнага тура падрыхтавалі 5 праектаў. Над імі шчыравалі вучні СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, СШ №4, гімназіі, Дунілавіцкай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ. У выніку «экзамен» вытрымалі дзве работы: «Рацыянальнае выкарыстанне другасных тканевых рэсурсаў» і «Вызначэнне якасці вады з альтэрнатыўных крыніц пітнога водазабеспячэння насельніцтва горада Паставы». Іх аўтары — К. Катовіч, А. Сняжкова, А. Русак, Р. Макрыцкая (усе з гімназіі) і В. Курцэвіч (СШ №4). Яны і прадставяць Пастаўскі раён на абласным этапе праекта «100 ідэй для Беларусі», які пройдзе ў Віцебску ў пачатку снежня.
Іна Сняжкова