Виктор Канаш мечтал покорять море, а закончил медакадемию и профессия врача стала делом всей его жизни

Важное Общество

Медыцына – маё жыццё

Ён марыў пакараць мора, а закончыў медакадэмію. І менавіта прафесія ўрача стала справай усяго яго жыцця.

8 лістапада Віктару Канашу споўнілася 60 гадоў. Палову з іх ён працуе ў Камайскай участковай бальніцы — узначальвае калектыў. «Вопытны, уважлівы, стрыманы. Прымае ўзважаныя рашэнні, — характарызуе Віктара Георгіевіча галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы. — Яго паважаюць калегі, цэняць пацыенты. Піянер у раёне такога метаду работы як урач агульнай практыкі. Не абмяжоўваецца тым, што ведае. Ахвотна ўдзельнічае ў розных праектах, семінарах, ездзіць на курсы павышэння кваліфікацыі».

З першага разу дамовіцца з доктарам пра сустрэчу не ўдалося. І з другога — таксама. Справа ў тым, што зараз ён па сумяшчальніцтве працуе і ў цэнтральнай раённай бальніцы з хворымі на каранавірус. Прасіў прабачэння, што адлучыцца з інфекцыйнага аддзялення не мог, як і прыняць мяне там: у брудную зону пабочным асобам уваход забаронены — небяспечна!

Віктара Георгіевіча Канаша ведаюць пацыенты не толькі ў Камаях, але і ў Паставах

— Да працы з хворымі на кавід у інфекцыйным аддзяленні адміністрацыя ЦРБ прыцягнула мяне ўжо ў трэці раз, — расказваў. — Пачынаў у першую хвалю пандэміі, таму зараз адчуваю сябе цалкам упэўненым. Нават ахоўныя касцюм, маска і шчыток не замінаюць — прывык. А ў аддзяленні знахо­джуся цэлы дзень. Што да лячэння пацыентаў, то яно вя­дзецца па напрацаванай схеме. Калі ўзнікаюць якія складанасці, раюся з галоўным урачом Ула­дзімірам Чакавым, яго намеснікам па медчасці Аляксандрам Сварцэвічам, загадчыкам рэанімацыйнага аддзялення Мікалаем Васюковічам. Рэгулярна праводзяцца кансіліумы. На цяперашні час цяжкахворых у аддзяленні няма. А што можа быць больш радасным для ўрача, як тое, калі пацыенты папраўляюцца і выпісваюцца дадому!

Не абмінула каранавірусная інфекцыя і самога Віктара Георгіевіча. Праявіла сябе якраз перад мінулым Новым годам. «На той час вакцынацыю яшчэ не праводзілі. На шчасце, перахварэў у лёгкай форме. Не перастаю пераконваць людзей рабіць прышчэпкі. У маёй сям’і ўсе менавіта так і зрабілі».

Сям’я — гэта жонка Грэта, нас­таўніца камайскай школы, і дзве дачкі. Марыя працуе дзі­цячым хірургам у адной з віцебскіх паліклінік. Юля пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта ўладкавалася ў сталіцы ў лагістычную фірму. Сваю суджаную Віктар сустрэў у Камаях, калі восенню 1992 года яго назначылі галоўным урачом мясцовай участковай бальніцы.

— У 1991-м я закончыў Латвійскую медыцынскую акадэмію. Год адпрацаваў урачом-інтэрнам па спецыяльнасці «Тэрапія» ў Даўгаўпілскай цэнтральнай гарадской бальніцы — і пацягнула на малую радзіму, — успамінае. — Я нара­дзіўся на Пастаўшчыне. Мае бацькі выехалі ў Латвію ў 1969-м. Жадалі лягчэйшага жыцця не столькі сабе, колькі нам, дзецям. Таму пакінулі калгас і ўладкаваліся ў Даўгаўпілсе. Я там і школу закончыў. А вось паступаў у Віцебскі медінстытут. Але спроба аказалася няўдалай. На другі год стаў студэнтам Рыжскага медінстытута, які затым перайменавалі ў акадэмію.

Прашу Віктара Георгіевіча расказаць пра камайскую бальніцу.

— Яна разлічана на 20 ложкаў і нясе ў асноўным сацыяльную нагрузку, — адказвае. — Большасць пацыентаў змяшчаюцца на сацыяльныя ложкі. Гэта ў асноўным адзінокія пажылыя людзі з букетам захворванняў. Ім патрабуецца не толькі медыцынская дапамога, але і догляд. Паспяхова з гэтым спраўляемся. Калі я толькі прыйшоў сюды, калектыў быў малады. Але прайшло 29 гадоў, і ўсе мы пастарэлі. Затое набылі вопыт. Я ўпэўнены ва ўсіх, з кім разам працую, кожнаму давяраю.

І ўсё ж такі, чаму медыцыну, а не мора выбраў мой суразмоўца?

— У гэтым ёсць доля выпадковасці, — расказваў. — Заканчваючы школу, марыў паступіць у мараходнае вучылішча. У сакавіку захварэў на вірусны гепатыт А. Разумеў, што камісію для паступлення ў мараходку не прайду. У бальніцы мяне лячыла пажылая доктар-інфекцыяніст. Яна і ўгаварыла падаць дакументы ў медінстытут, за што бясконца ўдзячны ёй. Пра выбар ніколі не пашкадаваў, хоць і вучыцца было цяжка, і ў працы хапае складанасцей. Але медыцына — маё жыццё».

Мне здаецца, што гэтым усё сказана.

Фаіна Касаткіна. Фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.