Вышла в печать новая книга Игоря Прокоповича, аналогов которой нет ни в одном регионе Беларуси

Общество

Знакавае выданне пра адметныя мясціны

З друку выйшла новая кніга Ігара Пракаповіча, аналагаў якой няма ні ў адным рэгіёне Беларусі

Уявіце, што вы вандроў­нік, які ніколі не быў на Пастаўшчыне. З чаго вы пачалі б падарожжа па нашым краі? Дзе шукалі б інфармацыю пра славутасці, гістарычныя помнікі, незвычайныя мясціны? У інтэрнэце ці ў розных гісторыка-краязнаўчых кнігах? Але, згадзіцеся, гэта адніме процьму часу і намаганняў. І высокая верагоднасць таго, што атрыманыя звесткі будуць павярхоўнымі, з сухімі фактамі і лічбамі.

А цяпер уявіце, што ў вас ёсць грунтоўная кніга-праваднік па самых цікавых месцах нашага краю, у тым ліку па незаезджаных, малавядомых. Мара? Не. Яе зрабіў рэальнасцю пастаўскі краязнавец, педагог і пісьменнік Ігар Пракаповіч. Нядаўна ўбачыла свет яго новая кніга «100 адметных мясцін Пастаўшчыны». І яна — выключны спадарожнік кожнаму, хто хоча павандра­ваць па нашым раёне ці проста даведацца пра яго шмат новага і цікавага.

Кніга выдадзена цалкам за дзяржаўныя сродкі. Гэта падкрэ­слівае яе значнасць не толькі для Пастаўшчыны, але і для Беларусі ўвогуле. Пакуль ні адзін рэгіён краіны не можа пахваліцца такім інфарматыўным і якасным выданнем, скіраваным на развіццё мясцовага турызму.

Што падштурхнула Ігара Міхайлавіча да напісання кнігі? Гэта пытанне і задала яму.

— Падчас адной з замежных паездак мне трапілася на вочы кніга «100 асоб, якія змянілі Польшчу», затым і іншыя: пра 100 найлепшых мастакоў свету, кніг, людзей… — адказваў Ігар Пракаповіч. — І я задумаўся: а ці можна сабраць такую ж колькасць чагосьці пра Пастаўшчыну? Спачатку была ідэя пісаць пра цікавыя аб’екты. Але іх у нашым раёне нашмат больш, і выбраць самыя-самыя не так і проста, бо кожны мае сваю адметнасць і варты ўвагі з боку турыстаў. Таму вырашыў прысвяціць кнігу менавіта мясцінам. Гэта дазволіла шырэй апісаць славутасці Пастаўшчыны, якіх нават у адной вёсцы можа быць адразу некалькі.

Працаваць над кнігай аўтар пачаў яшчэ гадоў 10 назад. Ён сістэматызаваў матэрыял, які збіраў некалькі дзесяцігоддзяў у экспедыцыях, арганізаваў новыя, у тым ліку са сваімі вучнямі. Шмат фатаграфаваў. І як вынік — большая частка здымкаў у кнізе аўтарскія.

Гартаю новае выданне. Бялюткія лісты, вялікая колькасць якасных каляровых фатаграфій, меншая — гістарычных, чорна-белых. Краязнаўчая інфармацыя сістэматызавана, пада­дзена лёгка, цікава. Учытваюся. Агароднікі, Азёркі, Алешына, Альцы, Аляхнішкі, Апідамы, Асінагарадок… Гэтыя мясціны паўстаюць перад чытачом першымі. Далей — яшчэ 93. Некаторыя назвы мне зусім незнаёмыя. Але тым цікавей пра іх даведацца.

Для сябе адзначаю шэраг кропак, куды з задавальненнем адпраўлюся як турыст. Аказваецца, у вёсцы Дзяўгуны на Лынтупшчыне можна прайсціся па бруку. У Алешыне знаходзіцца адзіная дзеючая на Пастаўшчыне гідраэлектрастанцыя. У Маштарках ёсць цікавы каменны крыж. У шэрагу вёсак — уражвальныя валуны і крыніцы з чысцюткай вадой.

А як вам такія факты? Стараверскія могілкі ў Апідамах лічацца аднымі з найстарэйшых на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Самы вялікі па плошчы вадаём Пастаўшчыны — возера Вялікія Швакшты. Сядзіба Ромера ў Каралінове — адзіны ў раёне шляхецкі дом ХІХ стагоддзя. У Лучаі ўпершыню ў свеце ўстаноўлены помнікПапу Рымскаму Бенядыкту ХVІ. У лынтупскім касцёле захоўваецца мясцовы рарытэт — кніга рэгістрацыі шлюбаў з 1753 года. У «100 адметных мясцін Пастаўшчыны» ўбачыла, як выглядалі ўжо неіснуючыя драўляныя касцёлы ў Груздаве і Барэйках, а таксама палац у Саранчанах. Ён пабудаваны да 1592 года (раней, чым камайскі касцёл!), ён і ў 1938-м быў прыдатны для пражывання. Аднак Другая сусветная вайна знішчыла гэты ўнікальны помнік архітэктуры…

Ёсць адчуванне, што далёка не кожны раён Беларусі можа пахваліцца такой гістарычнай спадчынай, такой вялікай колькасцю адметных мясцін. Чытаць пра іх — адно задавальненне. І так думаюць многія…

— Калі выйшла кніга, я напісаў пра гэта ў сацыяльных сетках, — прыгадваў Ігар Пракаповіч. — У той жа дзень з розных гарадоў Беларусі і нават з-за мяжы «паляцелі» заяўкі на яе. Аўтарскія экзэмпляры, якія былі ў мяне, разышліся вельмі хутка. Многія і цяпер звяртаюцца, каб купіць выданне. Аднак я пакуль не валодаю інфармацыяй, у якія кнігарні Беларусі яно паступіць. Адно магу сказаць дакладна: яно ёсць у Мінску ў «Акадэмкнізе», «Светачы». У Цэнтральнай кнігарні, наколькі ведаю, ужо як мінімум тры разы дазаказвалі з выдавецтва асобнікі кнігі…

Мне як аўтару прыемна, што ёсць такая цікавасць да выдання з боку чытача, і не толькі пастаўскага. Пандэмія паспрыяла таму, што беларусы пачалі як ніколі глыбока вывучаць сваю краіну. І буду толькі рады, калі дзякуючы кнізе наш край адкрые для сябе яшчэ большая колькасць людзей.

Дадам толькі, што гэты друкаваны гід па Пастаўшчыне выйшаў тыражом у 700 экзэмпляраў. Частку з іх выкупіў райвыканкам. Таму, калі ёсць жаданне набыць сабе кнігу, не адкладвайце на пасля.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.