Выставка кукол и игрушек «Пастаўскія прыгажуні» открылась в Доме ремесел «Стары млын»

Культура

Пастаўскія прыгажуні

Так называецца выстава лялек і цацак з фондаў Дома рамёстваў «Стары млын», якая ў канцы кастрычніка адкрылася ў гэтай установе.

Аўтары работ — метадыст Дома рамёстваў Юлія Калядзіна і яе былая калега, член народнага клуба «Майстры» Алена Касенка. На выставе прадстаўлены лялькі і цацкі, зробленыя імі на працягу працы ў «Старым млыне». Большасць выконваліся да розных конкурсаў і фестываляў. Так, напрыклад, сёлета на «Славянскім базары ў Віцебску» ладзілася свята-конкурс майстроў народнай цацкі і лялькі «Забава», у якім удзельнічала Юлія Калядзіна і была адзначана дыпломам «За адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і мастацтва». Раней у гэтым жа конкурсе прымала ­ўдзел Алена Касенка.

Апошнім часам Юлія актыўна займаецца рэканструкцыяй традыцыйнага народнага касцюма, які насілі ў мінулыя стагоддзі на Пастаўшчыне. Яна пашыла некалькі строяў на сябе і зрабіла абсалютныя копіі лялек. Іх можна ўбачыць на выставе. Таксама тут прадстаўлены яе лялькі-скруткі, разнастайныя абрадавыя кампазіцыі: «У чаканні свята» на велікодную тэматыку, «Вялікая вясельніца», створаная па музейным фотаздымку, «Пастаўская масленіца» і інш.Цікавую работу пад назвай «Даярка і гарманіст» майстрыха выканала да 100-годдзя «Сельскай газеты». Звяртаюць на сябе ўвагу «Пастушкі» (вясковыя дзеці, якія пасвяць у полі кароў), «Сямейка» (муж, жонка і трое дзетак). У іх рэалістычна «прапісана» кожная дэталь.

У Алены Касенкі таксама ёсць кампазіцыйныя работы («Калядкі», «Масленіца», «Хатнія вячоркі»), лялькі-скруткі і ў традыцыйных народных касцюмах. Але ў яе крыху іншы стыль — гэта лялькі-прымітывы. У Доме рамёстваў сабралася вялікая калекцыя сувенірных лялек, якія майстар рабіла да фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Разам з імі ў фондах захоўваюцца мяккія цацкі аўтара: каты, дзяўчаты, дамавікі, анёлы.

Першымі ўбачыць і ацаніць «Пастаўскіх прыгажунь» змаглі ўдзельнікі тэатральнага гуртка з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, якія былі запрошаны на адкрыццё выставы. Дырэктар установы культуры Таццяна Петух расказала пра работы і дазволіла ўзяць некаторыя з іх у рукі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.