Не развілі свой поспех
«Атлант» (Паставы)–«Бумпрам» (Гомель) – 0:3
2 тур. 0:3 (18:25; 18:25; 18:25)
Гамяльчане ў гэтым паядынку не мелі кадравых праблем. У «Атланта», наадварот, не было трох вядучых валейбалістаў і блакіруючага, кандыдата ў майстры спорту Віталя Варанца. Нягледзячы на гэта, у стартавай партыі пастаўчане выйшлі наперад (8:6), але развіць свой поспех не змаглі.
Сапернікі пачалі атакаваць больш хуткімі тэмпамі, узмацнілі гульню на блоку, перахапіўшы такім чынам гульнявую ініцыятыву. У выніку нашы да канца паядынку ўвесь час толькі даганялі гамяльчан.
Галоўны трэнер пастаўчан Павел Вавінскі паспрабаваў серыяй замен падбадзёрыць сваіх падапечных. І ў сярэдзіне другой партыі «Атлант» правёў 4 выніковыя камбінацыі запар. Адставанне ад «бумпрамаўцаў» стала мінімальным — 14:15. Аднак пасля тайм-аўта сапернік без асаблівых намаганняў дабіўся ўпэўненай перамогі.
Супраць другой па сіле каманды 1-й лігі згулялі Іваноў (к, Іўчанка), Канаш (Лосік), Саўчук (Казека), Каспер (Аксёненка), Казлоўскі, Бабровіч і лібера Зарэцкі, Літвіновіч. Наш наступны сапернік — «Энергагаз» — саступіў «Газавіку» з лікам 1:3. З ім пастаўчане пазмагаюцца 4 снежня дома.
Уладзімір Шык