Злата Ярошевич из д. Старый Двор участвует и побеждает в республиканских и международных вокальных онлайн-конкурсах

Культура

Залацінка Злата

Імя Златы Ярашэвіч са Старога Двара добра вядомае жыхарам Пастаўшчыны. Таленавітая дзяўчынка са звонкім і чыстым, як беларускія крыніцы, голасам да пандэміі часта выступала на раённай сцэне, а ў апошні час актыўна ўдзельнічае і перамагае ў розных рэспубліканскіх і міжнародных вакальных анлайн-конкурсах.

Спявае Злата з ранняга дзяцінства. Пяты год займаецца ў Навасёлкаўскім філіяле Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко па класе фартэпіяна і ўвахо­дзіць у склад вакальнай групы «Натхненне». Разам з гэтым калектывам і індывідуальна літаральна з першага года вучобы ў школе пачала прымаць удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. На адным з іх на галасістую і артыстычную дзяўчынку звярнула ўвагу педагог па вакале Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Г. Мулявіна Алена Ганчарэнка і згадзілася даць ёй некалькі ўрокаў.

Злата Ярашэвіч з кубкам і дыпломам фестывалю Baltic Wave

Тыя першыя заняткі ў верасні 2018 года вельмі натхнілі юную спявачку і яе бацькоў. Яны вырашылі прадоўжыць навучанне Златы ў цэнтры. З таго часу рэгулярна два разы на тыдзень возяць дачку ў сталіцу. Там не толькі шліфуюць вакал дзяўчынкі, але і вучаць яе правільна трымацца на сцэне, даюць магчымасць яшчэ большага, чым было дагэтуль, удзелу ў разнастайных музычных конкурсах.

І Злата стараецца максімальна ёй скарыстацца. За 4 апошнія гады яна прыняла ўдзел у некалькіх дзясятках рэспубліканскіх і міжнародных музычных спаборніцтваў, нязменна заваёўваючы ўзнагароды, прычым часта самай высокай пробы. Сярод апошніх перамог — званне лаўрэата І ступені на конкурсе Tallinna Gold Mix, 1-е месца ў намінацыі «Песня на нацыянальнай мове» на фестывалі Golden Voice Malta і Гран-пры на фестывалі Baltic Wave ў Эстоніі.

Сваёй радасцю дзяўчынка, як заўсёды, падзялілася на ўласнай старонцы ў Instagram, падзякаваўшы ўсім, хто дапамагае ёй дабівацца поспеху. А гэта не толькі Алена Ганчарэнка, чые песні, у тым ліку, выконвае Злата, і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Г. Мулявіна Святлана Стацэнка, але і яе родныя, сябры, знаёмыя, настаўнікі навасёлкаўскіх агульнаадукацыйнай і музычнай школ. Яны ўсяляк падтрымліваюць сваю дачку і зямлячку, галасуючы за яе анлайн падчас конкурсных выступленняў, па-рознаму садзейнічаюць навучанню ў сталіцы.

Злаце ўсяго 12 гадоў. Наперадзе цэлае жыццё. Кім стане, калі вырасце, дзяўчынка пакуль не ведае, бо мае шырокае кола інтарэсаў. Вельмі любіць чытаць, вывучаць замежныя мовы, майстраваць розныя вырабы, таксама захапляецца пасткросінгам. Але ў адным упэўненая цвёрда: музыка ў яе жыцці будзе прысутнічаць заўсёды.

Алена Шапавалава
Фота даслала Вольга Ярашэвіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.