10-й фирменный магазин ОАО «Новоселки-Лучай» открылся в Дуниловичах накануне Рождества

Общество

Дзясяты фірменны магазін адкрыла напярэдадні Каляд ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Гэта трэцяя гандлёвая кропка гаспадаркі, якая стала працаваць сёлета. Чарговае наваселле адбылося ў Дунілавічах.

— Мясцовыя жыхары вельмі чакалі гэтага, — расказвала старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Таццяна Вайткевіч. — У аграгарадку пражывае больш за 600 чалавек, а да іх паслуг былі ўсяго два магазіны: Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства і прыватнага прадпрымальніка. Па свежае мяса людзі звычайна ехалі ў навасёлкаўскі магазін у Варапаева або ў райцэнтр. А тут такая зручнасць! Назірала, як вёўся рамонт памяшкання, бачна, што ўкладзена шмат сродкаў. Усё зроблена з густам і па-сучаснаму. Камфортна будзе і прадаўцам, і пакупнікам. Прываблівае ўніверсальны асартымент тавараў. Лічу, што «Натуральныя прадукты» ўпэўнена зоймуць сваю нішу на спажывецкім рынку.

Прадаўцы Марына Чарнянін і Жанна Рыхліцкая

— У розныя адказныя моманты мы просім благаслаўлення ў Бога, — гаварыў перад адкрыццём магазіна пробашч мясцовага касцёла ксёндз-дэкан Павел Самсонаў. — Звернемся сёння да Яго ў малітве. Няхай гэта крама служыць жыхарам Дунілавіч. Памолімся за кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, якое робіць патрэбную людзям справу.

Магазін «Натуральныя прадукты» ў Дунілавічах найбольшы па плошчы з адкрытых раней. Тут устаноўлены неабходны функцыянальны набор гандлёвага абсталявання: халадзільныя скрыні для захоўвання замарожаных прадуктаў, стэлажы, вітрыны. Яны зручныя як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. У продажы ў шырокім асартыменце ахалоджанае мяса, паўфабрыкаты, макарона, крупы, рыба, алкагольныя і безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы, малочная прадукцыя.

Мне даводзілася бы­ваць­ на адкрыцці фірменных ма­газінаў ААТ «Навасёлкі-Лучай» у Відзах, Лучаі, Лынтупах, Варапаеве. Але такой колькасці пакупнікоў, як тут, не было нідзе. Перад тым як зайсці ў краму, у кожнага была магчы­масць прадэгуставаць каўбасы, салёнае сала. Усе адзначалі іх высокую якасць і добры смак, выбіралі тавар на свой густ і станавіліся ў чаргу да касы. Напружанымі аказаліся першыя гадзіны работы для прадаўцоў Марыны Чарнянін і Жанны Рыхліцкай. Кожнага пакупніка яны сустракалі ветліва і абслугоўвалі хутка.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.