Белгосстрах — деловая репутация, подтвержденная 100-летней историей

Главное Общество

Дзелавая рэпутацыя, пацверджаная 100-гадовай гісторыяй

Грэюць успаміны

На тэрыторыі Пастаўскага раёна страхавая інспекцыя дзейнічае з 1945 года. На жаль, няма дакладных звестак пра пачатак яе работы. А пра тое, што справы ў пастаўскіх страхавых работнікаў ішлі добра, сведчыць Юбілейная грамата Міністэрства фінансаў СССР, якой калектыў быў узнагароджаны да 50-годдзя дзяржаўнага страхавання. Што да гісторыі Белдзяржстраху ўвогуле, то зборам экспанатаў, звязаных са страхаваннем, па ўласнай ініцыятыве займаецца страхавы агент прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Алег Дашкевіч: на аўкцыёнах набывае розныя рарытэтныя рэчы. Раней наша газета пісала пра гэта.

З узнагародамі вядучы спецыяліст Аксана Чаркес, страхавыя агенты Алег Дашкевіч і Алена Налей, вядучы эканаміст Лілія Літвіновіч і дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорый Шэцка

Жывая гісторыя любой арганізацыі — гэта найперш людзі. Напярэдадні прафесійнага свята страхавых работнікаў і векавога юбілею арганізацыі ў кабінет да дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорыя Шэцкі заглянулі ветэраны Даната Францаўна Сарока, Тэрэса Іосіфаўна Нікіпяровіч і Лідзія Пятроўна Мітуневіч. Цікава было паслухаць іх успаміны пра першыя крокі ў прафесію, розныя здарэнні падчас работы, цяжкасці і сумеснае іх пераадоленне.

— Да Белдзяржстраху я працавала ў статыстыцы. А тут пры­вабіла высокая на той час зарплата страхавых агентаў, — расказвала Даната Сарока. — За мной замацавалі Хацілы, 7 гарадскіх вуліц і некалькі дамоў у 5 гарадку. Угаварыць людзей страхаваць маёмасць, жывёлу, якая ўтрымлівалася на падвор’ях, было няпроста. Але я ўмела пераконваць.

Страхавыя агенты Алена Грыгель і Света Аліноўская

— А я ў прадстаўніцтве адпрацавала 36 гадоў, — уключылася ў размову Тэрэса Нікіпяровіч. — Некаторы час абслугоўвала жыхароў Лынтупскага, Валкоўскага, Юнькаўскага сельсаветаў. Найбольш запомніліся гады, калі ез­дзіла ў Казлоўшчынскі. Дабіралася на аўтобусе, а потым пешшу абыходзіла Піскуны, Вайцяхі, Прусы і іншыя вёскі. Дадому вярталася позна вечарам. Іду з сумкай грошай — страшна! Але работу любіла. Людзі былі добразычлівыя: і на абед запросяць, і на вячэру.Тады пералік паслуг, якія аказвала прадстаўніцтва, быў значна меншы, чым цяпер, але ўсё роўна работы хапала. Стараліся.

— Якіх толькі выпадкаў ні было за час работы ў прадстаўніцтве! — успамінала Лідзія Мітуневіч. — І кліенты розныя трапляліся, і ад сабак уцякаць прыходзілася, і злодзеі спрабавалі сумку ада­браць. Усё ў мінулым. Але ўспаміны пра той час грэюць душу. Стымулам да працы было спаборніцтва паміж брыгадамі прадстаўніцтва. А якімі вясёлымі ў калектыве былі 8 Сакавіка, Новы год, іншыя святы!

Грамата, якой узнагароджаны калектыў інспекцыі Дзяржстраху Пастаўскага раёна ў 1971 годзе

Пашыраецца і развіваецца

Белдзяржстрах — самая буйная страхавая кампанія краіны. Тут прапануюць больш за 100 варыянтаў паслуг па 80 відах добраахвотнага і абавязковага страхавання. Развіваецца яго электронная версія: дагавор па многіх відах страхавання можна заключыць не выходзячы з дому. Памянялася і катэгорыя кліентаў — яны «памаладзелі», сталі больш пат­рабавальнымі.

Унесла пэўныя карэктывы ў работу і пандэмія: у страхавую праграму дабавілася страхаванне ад небяспечных захворванняў. Калі раней кліенты імкнуліся застрахаваць у асноўным маёмасць, то цяпер на першым месцы у іх — здароўе.

Сваіх работнікаў страхуе само прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, а таксама сельгаспрадпрыемствы «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», філіял «Пастаўскае ДРБУ-132», АДРАЦ «Ветразь», 1-ы ваенны шпіталь. Гэта пастаянныя і надзейныя кліенты прадстаўніцтва. Цесна супрацоўнічае яно  з кіраўнікамі і галоўнымі бухгалтарамі малочнага завода, лясгаса, ДЭУ-33, Пастаўскага мэблевага цэнтра, УП ЖКГ, ААТ «Кураполле-агра», Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства.

Давер кліентаў – найвышэйшая ўзнагарода

Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне стабільна дабіваецца высокіх паказчыкаў у рабоце. І ў гэтым несумненная заслуга калектыву.

— З кожным годам працаваць у нашай сферы становіцца ўсё больш складана, — гаварыў яго дырэктар Грыгорый Шэцка. — Значна змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. Гара­джане страхаваць сваю маё­масць не спяшаюцца. А дарэмна, бо і стыхія можа разгуляцца, і суседзі вадой заліць, і бытавая тэхніка выйсці са строю з-за перападаў напружання, а часам і крадзяжы здараюцца, і пажары. У гэтых і многіх іншых выпадках страты сваім кліентам у рамках заключаных дагавораў кампенсуе Белдзяржстрах.

Напярэдадні прафесійнага свята з абласнога прадстаўніцтва прыйшла прыемная навіна: страхавыя агенты Алег Дашкевіч і Алена Налей перамаглі ў конкурсе па заключэнні новых дагавораў на страхаванне. І калі ў Алега ўжо багаты вопыт і напрацаваная база кліентаў, то Алена на гэтай пасадзе працуе менш за год. Але дзякуючы камунікабельнасці, настойлівасці і мабільнасці змагла дабіцца поспеху. Шмат пастаянных кліентаў маюць страхавыя агенты Света Аліноўская, Алена Грыгель.

Строгае выкананне ўмоў і ўзятых на сябе абавязацельстваў, гарантыі выплат, высокая ­якасць абслугоўвання, індывідуальны падыход да кожнага кліента — асноўныя патрабаванні, якія ставіць перад сабой і падначаленымі дырэктар прадстаўніцтва Грыгорый Шэцка. Дзякуючы прафесіяналізму кіраўніка і іншых работнікаў калектыў мае рэпутацыю надзейнага партнёра, яму давяраюць кліенты. А гэта, як адзначылі практычна ўсе страхавыя агенты арганізацыі, — найвышэйшая ўзнагарода.

— Вялікую дапамогу нам аказваюць нашы надзейныя партнёры — аддзяленні Беларусбанка і Белаграпрамбанка, паштовай сувязі, дзе людзі маюць магчымасць заключаць дагаворы страхавання, — працягваў Грыгорый Грыгор’евіч. — Дзелавая рэпутацыя Белдзяржстраху пацверджана 100-гадовай гісторыяй. З нагоды такога важкага юбілею і прафесійнага свята віншую з ім ветэранаў і калектыў работнікаў. Выказваю ўдзячнасць усім страхавальнікам і партнёрам за вернасць нашай кампаніі, разуменне важнасці і неабходнасці страхавання. Жадаю ўсім стабільнасці і дабрабыту, моцнага здароўя, ажыццяўлення планаў і задум, упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.