Будзе яшчэ адзін святар
Дыякан Валерый Пупкевіч — пастаўчанін. Скончыў былую СШ №5. Тады і адчуў пакліканне да службы Богу і людзям. Уступіў у Кангрэгацыю святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў). Пасля ўсіх этапаў законніцкай фармацыі ў маі бягучага года прыняў пасвячэнне дыяканату. З таго часу дыяканскае служэнне нёс у парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне.
30 снежня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзеліць дыякану Валерыю Пупкевічу сакрамант пасвячэння ў ступені прэзбітарату. Урачыстасць пачнецца ў 10 гадзін. Дыякан Валерый стане дзясятым ураджэнцам Беларусі, які будзе святаром у законніцкай супольнасці сэрцанаў.
Сваю першую святую Імшу (прыміцыю) новапрэзбітар будзе цэлебраваць у касцёле Святога Антонія Падуанскага ў дзень урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі — 1 студзеня. Пачатак у 10.00. Прамыя трансляцыі пасвячэння і прыміцыйнай святой Імшы будуць весціся на канале пастаўскай парафіі Святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Анна Анішкевіч