Как Владимир и Франтишка Коровацкие готовятся к Рождеству?

Духовность

У іх сэрцах Езус нараджаецца штодня

Стол з раскладзеным сенам засланы абрусам. На ім — адвэнтавы вянок, свечка, Евангелле. Пастаўчане Уладзімір і Францішка Каравацкія рыхтуюцца да вігілійнай вячэры. Гаспадар трымае самаробную драўляную калыску, у якой на сене ляжыць фігурка маленькага Езуса, гаспадыня — аплатку (белы лісток прэснага цеста, спечаны з мукі і вады без дабаўлення дражджэй). Гэтым белым хлебам — галоўным сімвалам нараджэння Хрыста — яны будуць дзяліцца з дзецьмі і ўнукамі, якія прыйдуць да бацькоў на Вігілію.

Шлях да веры

Уладзімір нарадзіўся на хутары. Затым сям’я, у якой было чацвёра дзяцей, перабралася ў Кабыльнік. Божае Нараджэнне — адно з самых радасных свят. Яго чакалі: ставілі ёлку, многія цацкі рабілі з паперы, атрымлівалі сціплыя падарункі. На вігілійны стол традыцыйна гатавалі посныя стравы. Найбольш любілі клёцкі з макам. Па аплатку ездзілі ў Вільню.

— Касцёл у Кабыльніку быў закрыты, але ні пад што не выкарыстоўваўся, таму і не знішчыўся вельмі, — успамінаў Ула­дзімір. — У яго на вялікія святы аднекуль прыязджаў ксёндз і праводзіў святую Імшу. Прысутнічаць на ёй дзецям забаранялі настаўнікі. Здаралася, што за вуха выводзілі са святыні. А нам хацелася там быць з-за цікаўнасці, удзел у Набажэнствах яшчэ быў неасэнсаваным. І ўсё ж бацькі заклалі ў нас моцную веру ў Бога.

— З маіх Пожарцаў мама ў касцёл ез­дзіла ў Глыбокае, — уключылася ў размову Францішка. — Да аўтобуса кіламетраў 7 ішла пешшу. Тата быў праваслаўны. Малітвам нас з сястрой вучыла бабуля. Яны былі на польскай мове, і мы амаль нічога не разумелі. Аплатку да свята прысылаў дзядзька з Польшчы. Вігілійны стол быў у той час бедны: клёцкі з макам, белы і чырвоны кісель. Калі рыба — то азёрная, з мноствам костак, якую мы, дзеці, не любілі. З дзяцінства памятаю маёвыя Набажэнствы каля вясковага крыжа. У перыяд Вялікага посту на Крыжовую дарогу збіраліся ў хаце Веранікі Мелец, на Дзень задушны — на груздаўскіх могілках. Для нас, малых, гэта быў усяго рытуал. Усведамленне прыйшло з часам.

Пасля 8 класаў Франя паехала ў Маскву да дзядзькі, паступіла вучыцца на выхавальніка. Уладзімір выбраў Полацкі лясны тэхнікум. Ад глыбокай веры абое тады былі далёкія. У атмасферу рэлігійнасці акуналіся дома, калі прыязджалі на канікулы і святы.

Адной дарогай

Яны пазнаёміліся ў Паставах, пакуль Уладзімір чакаў цягніка на Полацк. Хапіла трох месяцаў, каб зразумець, што створаныя адно для аднаго. У лютым 1974 года згулялі вяселле і тайна павянчаліся ў гадуцішскім касцёле. Іх першае сумеснае Божае Нараджэнне атрымалася невясёлым: захварэлі двайняткі, якім было крыху больш за месяц, і маладая мама з імі апынулася ў бальніцы. Урачы не давалі надзеі на тое, што немаўляты выжывуць. Але маленькі Езус, які тады нарадзіўся ў сэрцах Францішкі і Уладзіміра, захаваў Андрэйку і Наташу.

Праз 8 гадоў сям’ю папоўніў Павел. К таму часу Каравацкія пераехалі з Нарачы ў Паставы. Уладзімір пайшоў служыць у адну з воінскіх часцей. Францішка ўладкавалася выхавальнікам у садок. У гады дэфіцыту паставіць на ногі траіх дзяцей было складана. Жывучы ў кватэры, знайшлі магчымасць трымаць трусоў, карову, свіней. Апрацоўвалі зямлю каля бацькоўскай хаты ў Пожарцах. Шчыравалі самі, прывучалі да працы дзяцей. Нямала выпала выпрабаванняў, але Уладзімір і Францішка змаглі ўсё пераадолець дзякуючы веры, якую паглыбляюць і цяпер.

У згодзе з людзьмі і сумленнем

Калі ў Паставах адкрыўся касцёл, Каравацкія сталі наведваць яго не толькі самі, але і вялі з сабой дзяцей. Уключыліся ў работу розных рэлігійных супольнасцей і рухаў. Дачка Каравацкіх пэўны час працавала настаўніцай у школе, а потым адчула пакліканне да службы Богу і людзям. Бацькі яе выбар прынялі з пакорай. Цяпер Наталля — кансэкраваная асоба, належыць да руху факаляраў, асноўнымі прынцыпамі якога з’яўляюцца жыццё ва ўзаемнай любові і братэрстве, Божае Слова, Эўхарыстыя. Доўгі час працавала з дзецьмі ў Італіі, Польшчы, два гады — у Нунцыятуры ў Беларусі. Зараз знахо­дзіцца ў Польшчы. Бацькоў засмучае, што з-за закрытых граніц з Наташай часта бачыцца не могуць. А вось сыны, нявесткі наведваюцца рэгулярна. Цешаць бабулю з дзядулем унукі Насця і Косця, якія актыўна ўдзельнічаюць у касцельным жыцці.

З утварэннем новай парафіі ў мікрараёне 5 гарадка Уладзімір Каравацкі шчыра і дасканала нясе службу пры алтары, ва ўсім дапамагае ксяндзу-пробашчу. Толькі хвароба можа не дазво­ліць прыйсці на святую Імшу Францішцы. Муж і жонка імкнуцца жыць у зго­дзе з людзьмі і сваім сумленнем, штодня прымаюць Езуса ў свае сэрцы.

Вельмі любім Адвэнт — час не толькі чакання Божага Нараджэння, але і найперш духоўнага ўдасканалення, калі сэрцы асаблівым чынам трэба накіраваць на справы Божыя, — расказвалі Ула­дзімір і Францішка. — Мы нават парадак у кватэры пачынаем наводзіць пасля перадкалядных рэкалекцый, калі паслухаем спецыяльныя казанні ксяндза, паспавядаемся. Сэнс Божага Нараджэння — ва ўменні прымаць выпрабаванні, пасланыя Богам, радавацца і быць удзячнымі за тое, што ёсць. У нашай парафіі ксёндз Андрэй цікава праводзіць рараты, на якія збіраецца шмат дзяцей. Сёлета, напрыклад, віртуальна ішлі па слядах Святой Сям’і: пераадолелі 150 кіламетраў, пабываўшы ў Назарэце, Кане Галілейскай. Умоўна акунулі ногі ў воды ракі Іярдан, наведалі Іерусалім і прыбылі ў Бэтлеем. Асабіста для нас Адвэнт — гэта падрыхтоўка да сустрэчы з Хрыстом, якая доўжыцца ўсё жыццё і закончыцца ў момант смерці. Несвядомае прытрымліванне рытуалаў — пустое. Трэба не проста ведаць традыцыі, а разумець іх. Напрыклад, навошта мы ставім ёлку? Бо яна сімвал вечнага жыцця. Чаму на Вігілію гатуем 12 страў? Бо столькі вучняў было ў Езуса. Для чаго запальваем свечку? Бо яна сімвал Хрыста, які нясе святло людзям. Перад пачаткам вігілійнай вячэры абавязкова чытаем адпаведны ўрывак з Евангелля, молімся, ламаемся аплаткай, жадаючы адно аднаму Божай ласкі, дзелімся сваёй любоўю з іншымі і прымаем яе.

На Божае Нараджэнне ўсе Каравацкія пасля святочнай Імшы зноў збіраюцца разам. Раней Наталля рыхтавала цікавыя віктарыны, тэсты па фрагментах Евангелля, жыцця святых. Цяпер гэта робіць Андрэй. За найлепшыя веды — падарунак. Абавязковая і калядная гульня з арэхамі «ў цотку і лішку». У дружнай, прасякнутай верай атмасферы сэрца кожнага напаўняецца радасцю і надзеяй.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.