Машинный парк Поставского лесхоза пополнился 5 популярными у лесозаготовителей моделями

Важное Общество

Эфектыўны дуэт: гэта пра харвестар і фарвардар.

Сёлета машынны парк Пастаўскага лясгаса папоўніўся 5 папулярнымі ў лесанарыхтоўшчыкаў мадэлямі. 4 з іх ужо задзейнічаны ў лесе.

З начальнікам лесапункта лясгаса Дзянісам Кавальскім едзем у лясніцтвы, дзе працуе лесанарыхтоўчая тэхніка.

— Зіма наступіла як па календары, так і ў прыродзе, — гаварыў Дзяніс. — Выпаў снег — вунь як прыгожа ў лесе! Але мароз слабаваты. Працаваць стане лягчэй, калі зямля будзе скавана моцным марозам. Але харвестар плюс фарвардар — эфектыўны дуэт для нарыхтоўкі лесу. Яны маюць высокую праходнасць і прадукцыйнасць.

Прыкладна месяц назад лясгас закупіў два новыя харвестары «Амкадор 2561» і BELARUS-SAMPO МЛХ 46. На першым на планавых рубках у Полаўскім лясніцтве працуе Яўгеній Урбанайць. Работа аператара нагадвае гульнявую прыстаўку: перад яго вачыма — экран манітора, у руках — джойсцік з мноствам кнопак. Спецыяльная праграма выконвае розныя аперацыі. Толькі адным націсканнем кнопкі сталёвая піла ўразаецца ў дрэва і валіць яго пад корань, націскаеш на другую — і вальцамі ствол ачышчаецца ад галля. Затым ён распілоўваецца на сартыменты патрэбнай даўжыні. У залежнасці ад дыяметра ствала прымяняюцца розныя спосабы валкі. Увесь працэс займае крыху больш за хвіліну. Адна такая машына замяняе работу 15-17 чалавек.

Аператар харвестара не толькі сядзіць у кабіне і націскае на кнопкі. Здараецца, машына ламаецца, і тады ў любое надвор’е яе трэба рамантаваць. Няпроста рухацца па лесе падчас моцных дажджоў, калі колы поўнасцю пагружаюцца ў гразь.

— Асвойваць тэхніку было не вельмі складана, — расказваў Яўгеній. — Калі ўзнікалі якія пытанні, кансультаваў малодшы брат Аляксандр. Ён на такой тэхніцы працуе даўно. Амкадор выкарыстоўваецца ў асноўным на рубках галоўнага карыстання. Ключавы механізм — харвестарная галоўка: аднымі кнопкамі вя­дзецца кіраванне маніпулятарамі, іншымі — задаюцца праграмы па ўліку нарыхтаванага матэрыялу па пародах.

Аляксандр Дзехцяронак

На BELARUS-SAMPO МЛХ 46 працуе Аляксандр Дзехцяронак. Ён праводзіць рубкі догляду.

— Машына простая ў эксплуатацыі, — гаварыў Аляксандр. — Гэты харвестар мабільны, дзякуючы малой вазе не пашкоджвае ні каранёвую сістэму, ні дрэвы, якія пакідаем для далейшага росту.

З полаўскіх лясоў накіроўваемся ў старадворскія. Едзем па лясной дарозе. Тут яе з мэтай масавай нарыхтоўкі драўніны ў будучым лясгас пабудаваў некалькі гадоў таму. Абапал — прыгожы зімовы лес, якому каля 80 гадоў. А гэта значыць, што ён саспеў і чакае, калі будзе выкарыстаны ў вытворчасці. Густыя насаджэнні чаргуюцца з  участкамі, на якіх расце да дзясятка высокіх дрэў. Падчас планавых рубак іх пакідаюць для таго, каб раскідвалі насенне для натуральнага засявання плошчы. Побач у сілу ўбіраюцца мала­дзенькія елкі, бярозы, сосны.

Яўгеній Урбанайць

На адным з лясных масіваў старадворскага лясніцтва гаспадараць фарвардары. На новым працуе Павел Завіша. Загружаная машына на гусенічным хаду свабодна рухаецца па балоцістай мясцовасці.

— Як толькі харвестар пакідае дзялянку, да работы прыступае фарвардар, — расказваў Дзяніс Кавальскі. — Ён збірае і вывозіць сартыменты з месца валкі. На пагрузачнай пляцоўцы складзіруецца некалькі відаў драўніны: у залежнасці ад пароды, дыяметра ствала і яго даўжыні. Калі ўся нарыхтаваная драўніна будзе звезена да дарогі, адсюль яе забяруць лесавозы і адну частку даставяць на пагрузачную пляцоўку або ў мясцовы дрэваапрацоўчы цэх, другую — спажыўцам.

Уладзімір Савельеў

Наступны наш прыпынак — каля фарвардара фінскай фірмы Ponsse, якім кіруе Уладзімір Савельеў. Машыну за ім і яго напарнікам Уладзімірам Варанцом замацавалі ў маі бягучага года. Майстэрства аператараў заключаецца ў тым, што яны працуюць з двума джойсцікамі адначасова і кантралююць рух навяснога механізму, стралы і траекторыю пагрузкі спілаваных дрэў. Абодва Уладзіміры сваю работу ведаюць выдатна, пастаянна ўдасканальваюць практычныя навыкі і дабіваюцца высокай выпрацоўкі.

Павел Завіша

Адна з нязручнасцей работы ў зімовым лесе — кароткі светлавы дзень. Хоць новая тэхніка аснашчана магутным святлом фар, бачнасць і, адпаведна, прадукцыйнасць не тыя, што пры дзённым святле, асабліва калі пры валцы дрэў з іх густым воблакам сыплецца снег.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.