Молодежь Поставщины приняла участие в масштабных мероприятиях Витебской области

Общество

У гушчыні падзей

Для моладзі Віцебшчыны два мінулыя тыдні былі багатыя на маштабныя мерапрыемствы. Яны прайшлі ў Докшыцах, Наваполацку і іншых гарадах Прыдзвінскага краю. Запрашэнне на ўдзел атрымалі і пастаўчане.

Для працоўнай моладзі – пазнавальны адпачынак

Сёлета, як і ў мінулыя гады, быў арганізаваны форум маладых спецыялістаў Віцебскай вобласці. Ён прайшоў у тры этапы. Першы з іх адбыўся 30 лістапада на Полаччыне. Там сабраліся маладыя людзі, якія працуюць у раёнах, блізкіх да Полацка. Другі этап форуму прымаў чашніцкі край, куды прыехалі прадстаўнікі ўсходніх рэгіёнаў Віцебшчыны. А заключным крокам мерапрыемства стала сустрэча ў Докшыцах. Туды 3 снежня з’ехаліся спецыялісты з Пастаўскага, Браслаўскага, Ушацкага, Глыбоцкага і іншых раёнаў.

У склад нашай дэлегацыі ўвайшлі Юлія Гайлеўская і Таццяна Навумік з Пастаўскага малочнага завода, Надзея Шувалава з лясгаса, Ірына Лешчык з ААТ «Навасёлкі-Лучай», Ірына Лятоха з раённага цэнтра дзяцей і моладзі, Анастасія Падгайская з інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскім раёне, а таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко.

Праграма сустрэчы ў Докшыцкім раёне (як, зрэшты, і ў іншых) была насычанай. Працоўная моладзь, падзяліўшыся на групы, наведала Бягомльскі музей народнай славы, мясцовы лясгас, завод «Ветразь», мемарыяльны комплекс «Шунёўка», філіял Віцебскага вытворчага ўпраўлення па здабычы і перапрацоўцы торфу ў Крулеўшчыне. Спецыялісты таксама сталі сведкамі тэатралізаванага мітынгу «Памятайце, людзі!».

Працягнуўся форум у саміх Докшыцах. Там адбылася дыялогавая пляцоўка «Дыялог на роўных», была падрыхтавана і канцэртная праграма.

Вынікам мерапрыемства стала тое, што спецыялісты пазнаёміліся паміж сабой, абмяняліся вопытам, разам абмеркавалі праблемы. Важна, што ў кожнага з іх была магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам аблвыканкама, грамадскіх арганізацый, якія таксама там прысутнічалі.

Маладосць. Праца. Адзінства

Так называўся рэспубліканскі марафон, які напрыканцы лістапада прайшоў у Наваполацку. Там падвялі вынікі «Працоўнага семестра-2021».

Пастаўскі раён на марафоне прадстаўлялі першы сакратар райкама БРСМ, камандзір раённага штаба студатрадаў Кацярына Малевіч, прадстаўнік ААТ «Навасёлкі-Лучай» Ірына Лешчык, байцы студатрадаў Кірыл Цыунель,  Вераніка Татыржа і Арына Альсевіч.

Напачатку моладзь сабралася на ўрачыстай лінейцы ля мемарыяльнага комплексу «Першая палатка». Ён у Наваполацку знаходзіцца на вуліцы Мала­дзёжнай, дзе ў 1958 годзе разбілі палаткі першыя будаўнікі Полацкага нафтаперапрацоўчага завода. З яго будаўніцтва і пачаў расці і развівацца Наваполацк.

Арына Альсевіч з узнагародай

У той дзень прайшлі адукацыйныя інтэнсівы для камандзіраў і камісараў студатрадаў, ладзілася акцыя #ЗаДело (маладыя людзі выраблялі кармушкі для птушак), быў арганізаваны і караоке-батл у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Узнагароджанне найлепшых студатрадаўцаў адбылося ў Палацы культуры ААТ «Нафтан». У спіс узнагароджаных увайшлі і пастаўчане. У намінацыі «Найлепшы вытворчы атрад Віцебскай вобласці» дыплом пераможцы атрымаў вытворчы атрад «Маладзёжны» імя Героя Савецкага Саюза В. А. Сідарэнкі (працаваў у ААТ «Паставы­мэбля»). Вучаніцы СШ №3 Арыне Альсевіч уручылі падзяку Цэнтральнага камітэта БРСМ за значны асабісты ўклад у арганізацыю і развіццё студатрадаўскага руху. Дзяўчына сёлета шчыравала ў сельскагаспадарчым атрадзе «Зорка» імя Героя Савецкага Саюза В. П. Кірычука.

Дыпломам адзначаны і Пастаўскі тэрытарыяльны штаб студатрадаў — ён стаў пераможцам у намінацыі «Найлепшы штаб па асвячэнні дзейнасці студэнцкіх атрадаў». Сярод самых лепшых наймальнікаў аказалася і ААТ «Навасёлкі-Лучай — яго прадстаўніку ўручана падзяка.

Іна Сняжкова
Фота дасланы ўдзельнікамі форуму



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.