На Поставщине стартовала новогодняя благотворительная акция «Наши дети»

Образование

Падарыць радасць дзецям

14 снежня ў Беларусі стартавала навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У гэты дзень па ўсёй рэспубліцы прайшлі святочныя мерапрыемствы. Яны пачалі марафон добрых спраў, які будзе доўжыцца па 14 студзеня.

На Пастаўшчыне старт акцыі далі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Там адбылася святочная праграма «Падзяліся ўсмешкай сваёй» і адкрылася выстава дзіцячай творчасці «Навагодні настрой».

На мерапрыемства ў актавай зале ўстановы дадатковай адукацыі сабраліся наведвальнікі шматлікіх аб’яднанняў па інтарэсах. Перад імі выступілі з канцэртам група «Фантазія» вакальнай студыі «Мелодыка» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай, тэатр песні «М&М» (назва расшыфроўваецца як «Мир и Музыка»), якім кіруе Алег Жаўноў, і салісты вакальнай студыі «Задоринка» (яе кіраўніком з’яўляецца Марына Таран). На працягу га­дзіны яны дарылі прысутным свае песні, усмешкі і добры настрой. А ў канцы артысты прынялі ўдзел у маляўнічым флэшмобе.

Выстава «Навагодні настрой» разгарнулася ў фае другога паверха РЦДМ. Яна аб’яднала работы вучняў школ (многія з іх займаюцца ў творчых майстэрнях і студыях цэнтра), дасланыя на раённыя этапы конкурсаў «Калядная зорка», «Лёд. Кветкі. Фантазія», «Тэхнаёлка» і культурна-экалагічнай акцыі «Зберажом зялёную елку». Ёсць сярод іх і тыя, што летась удзельнічалі ў абласных этапах гэтых конкурсаў. Найлепшыя вырабы, якія занялі прызавыя месцы, сёлета таксама былі адпраўлены ў Віцебск.

Адтуль нядаўна прыйшлі прыемныя весткі. Дыпломамі І ступені абласнога этапа рэспубліканскай выставы-конкурсу «Калядная зорка» адзначаны работы Ангеліны Тамілінай, Міхаіла Якубоўскага і Дар’і Паповай, якія навучаюцца ў школе мастацкіх рамёстваў «Саламяныя фантазіі» (педагог — Таццяна Дзегцярук). Дыпломам ІІІ ступені — сумесная праца навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах «Мастацкі роспіс» Веранікі Філь і Паліны Курто (педагог — Марына Кавальская). У конкурсе «Тэхнаёлка» 3-е месца занялі навучэнцы СШ №4 Арсеній Александроў і Мацвей Данілаў (кіраўнік — Ірына Шырэй). А прызёрам акцыі «Зберажом зялёную елку» стаў Аляксей Сасноўскі з Лынтупскай ЯССШ (кіраўнік — Наталля Раманоўская).

У рамках акцыі «Нашы дзеці» ў РЦДМ адбудуцца таксама дзве дабрачынныя ёлкі — для дзяцей з малазабяспечаных і прыёмных сем’яў і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — і чэлендж «Ад сэрца да сэрца». ­Удзельнікі апошняга сваімі рукамі вырабяць сувеніры для хлопчыкаў і дзяўчынак, якім не хапае ўвагі і падтрымкі.

Як заўсёды, актыўны ўдзел у акцыі прымуць кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый Пастаўшчыны, вайскоўцы. Яны наведаюць апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячае аддзяленне цэнтральнай райбальніцы. Павіншуюць малых і падлеткаў з Новым годам і Раством, уручаць ім падарункі, акажуць дапамогу ўстановам, бацькам і апекунам у вырашэнні надзённых праблем. А цэнтральным мерапрыемствам акцыі па традыцыі стане галоўная ёлка краіны, якая збярэ ў Палацы Рэспублікі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.