Інсталяцый прыбавілася
Паставы рыхтуюцца да Новага года. На плошчы Леніна красуецца прыгажуня ёлка. Меншыя па вышыні ўстаноўлены ў мікрараёнах горада. На плошчы і цэнтральных вуліцах, адміністрацыйных будынках і жылых дамах, у парках і скверах ззяе ілюмінацыя.
Перад кожным Новым годам святочнае ўбранства райцэнтра папаўняецца. Напрыклад, летась ля галоўнай ёлкі з’явіўся алень, запрэжэны ў сані, ля дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза — ззяючы шар (дарэчы, сёлета ён «перакачаваў» у мікрараён шостага гарадка), у скверы на плошчы Леніна — арка з падсветкай. Сёлета ля фантана ў гэтым жа скверы ўстаноўлена яшчэ адна арыгінальная інсталяцыя ў форме фантана, а ля вышэйзгаданай школы мастацтваў — стыльная ззяючая ёлачка.

— Пераднавагодняе аздабленне горада патрабуе шмат працы і каштуе немалых грошай, — расказваў майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Мікалай Кісялёў. — Затраты фінансуюцца з раённага бюджэту. А работу выконваюць камунальнікі. Генератар ідэй — намеснік дырэктара Сяргей Пляшкун. Шмат цікавага знаходзім у інтэрнэце і абмяркоўваем, што можам зрабіць самі. У рабоце задзейнічаны дзве брыгады: з участкаў электрагаспадаркі і добраўпарадкавання. Стварэннем металаканструкцый займаюцца газаэлектразваршчыкі з участка цепласетак. Многім дапамагаюць сантэхнікі. У пераднавагоддзе асабліва шмат клопатаў у Аляксандра Конанава. Ён уключае, правярае, пры неабходнасці рамантуе ўсю ілюмінацыю. У стварэнні інсталяцый актыўна ўдзельнічалі Яўгеній Шчарбатых, Пётр Каралёнак, Андрэй Адамовіч і іншыя.

Безумоўна: святочнае ззянне райцэнтра — заслуга не толькі камунальнікаў, але і многіх прадпрыемстваў і ўстаноў. Пра гэта мы раскажам пазней, калі будуць падведзены вынікі агляду-конкурсу па падрыхтоўцы Пастаў да навагодняга свята, аб’яўленага райвыканкамам.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара