Охрана природы — приоритетная задача международного экологического ОО «Природа и мы» и его руководителя Олега Лысенка

Природа

Для прыгажосці і карысці

Ахова прыроды — адна з прыярытэтных задач чалавецтва. Экалагічныя праблемы датычаць усіх. І вырашаць іх імкнуцца міжнародныя арганізацыі, сусветныя фонды ў розных кутках планеты. Сярод такіх міжнароднае экалагічнае грамадскае аб’яднанне «Прырода і мы», якое ўзначальвае жыхар Глыбокага Алег Лысёнак.

— Аб’яднанне займаецца рэалізацыяй праграм малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду больш чым у 130 краінах свету, — расказваў Алег Лысёнак. — У Беларусі праграма запушчана ў 2005 годзе. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады ўдалося ажыццявіць многае па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі, добраўпарадкаванні гістарычных мясцін, прышкольных тэрыторый, месцаў адпачынку ў Глыбоцкім, Докшыцкім і нашым раёнах. Некалькі аб’ектаў абуладкавана і на Пастаўшчыне.

Гэта 15-гектарны парк ландшафтнага тыпу недалёка ад Дунілавіч. Ён быў закладзены ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Парк абрамляюць рэчка Заражанка і дарога з Дунілавіч на Варапаева. Раней тут быў каменны палац, ля ўвахода ў які ўзвышаліся дзве скульптуры львоў, невялікая капліца, фантан. Вакол фантана — дэндралагічны сад з мноствам дрэў і кустоў, прывезеных з розных краін свету. Самая высокая кропка ў парку называецца Лысая гара. З яе адкрываюцца маляўнічыя краявіды на Дунілавічы і наваколле. Тут адчуваецца нейкая асаблівая аўра таямнічасці. З часам усе будынкі разбурыліся, засталіся толькі рэшткі некаторых з іх, прыйшла ў запусценне і тэрыторыя.

Пару гадоў таму на гэта гістарычнае месца і звярнуў увагу Алег Лысёнак. Па яго ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду праведзена частковае добраўпарадкаванне: на ўез­дзе размешчаны інфармацыйны стэнд з паказальнікамі, расчышчана цэнтральная дарога, пракладзены дарожкі да знакавых месцаў і экалагічная сцежка, праз раку Заражанку перакінуты 14-метровы каваны мост, на адной з крыніц пастаўлены зруб, альтанка, на Лысай гары і ля моста абсталяваны месцы для адпачынку. Парк любяць наведваць мясцовыя школьнікі, цікава тут і турыстам.

Дарожка Кнейпа

Яна названа ў гонар нямецкага святара Себасцьяна Кнейпа і абсталявана на тэрыторыі АДРАЦ «Ветразь». Лозунг Кнейпа: «Кожны крок басанож — лішняя хвіліна жыцця». Святар распрацаваў сістэму аздараўлення, заснаваную на водалячэнні і хаджэнні басанож.

— Дарожка Кнейпа неабходная нашым пацыентам, — гаварыў галоўны ўрач абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра Сяргей Петухоў. — Справа ў тым, што на ступнях ёсць такія кропкі, стымуляцыя якіх добра ўздзейнічае на ўсе ўнутраныя органы. Дарожка вельмі карысная для тых, хто перанёс стрэс, хварэе на гіпертанію, мігрэнь, рознага роду неўрозы. Устанавіць яе ўдалося за кошт гуманітарных сродкаў.

36-метровая дарожка здароўя абрамлена 120 бардзюрамі і разбіта на 18 сегментаў размерам 1х2 метры з рознымі напаўняльнікамі: маньчжурскім арэхам, пянькамі, шышкамі, бярвёнцамі, шчэбнем, гравіем. Абсталявана і месца, дзе пасля праходжання дарожкі, можна акунуць у ваду ногі, затым адпачыць у альтанцы з фітабарам.

— Згодна з праектам «Развіццё патэнцыялу сельскіх тэрыторый, стварэнне аздараўленчай дарожкі Кнейпа ў АДРАЦ «Ветразь», які фінансуецца на суму 4 тысячы долараў ЗША, на плошчы 2 гектары тут размесціцца яшчэ парк, — апавядаў Алег Лысёнак. — Ужо высаджаны алеі белай акацыі, язміну, маньчжурскага арэха, бэзу, іншых кустарнікаў. Саджанцы прывезены з майго ўласнага гадавальніка. Вясной будуць высаджаны дрэвы-донары — клёны, дубы, сосны, бярозы. Падрыхтавана зямля пад клумбы. У раздзельных секцыях будуць расці лекавыя расліны: лаванда, залаты корань, радыёла ружовая, галега лекавая.

Цяга да прыроды – з дзяцінства

Па прафесіі Алег Лысёнак — ваенны. Служыў у Калінінградскай вобласці, Манголіі, Германіі. Радыёлакацыя, якую вывучаў у ваенным вучылішчы, і прырода, якую любіць з дзяцінства, — розныя сферы дзейнасці. Але Алег Клетавіч спалучаў іх на працягу многіх гадоў. Грамадскай дзейнасцю займаецца больш за паўстагоддзя. Спачатку ў Рызе больш чым у пяцідзесяці школах стварыў экалагічныя атрады «Блакітны патруль». Навучэнцы займаліся навядзеннем парадку на берагах рэк, азёр. Праводзіў гэту работу і ў іншых рэспубліках былога СССР. Калі Савецкі Саюз распаўся, пераехаў на малую радзіму — у Глыбокае.

— Раней актыўна ўдзельнічаў у пасадцы дрэў і кустарнікаў, ствараў «Блакітныя патрулі» ў школах. Апошні дзясятак гадоў пры фінансавай падтрымцы пасольства ЗША разам з грамадскімі эколагамі рэалізуем сумесныя праекты, накіраваныя на захаванне прыроднага багацця паўночна-заходняга краю Віцебшчыны, — расказваў Алег Лысёнак. — У 2015 годзе «Прырода і мы» ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта «Малыя рэкі — вялікія праблемы» на тэрыторыі Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. За кошт гранта на 330 тысяч еўра былі добраўпарадкаваны многія паркі, зоны адпачынку, пашпартызаваны рэкі Бярозаўка, Мнюта, Мядзелка, Янка.

Задумак у Алега Лысёнка шмат. Ён наведвае школы, сельскія Саветы і цікавіцца планамі іх кіраўнікоў па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі і добраўпарадкаванні замацаванай за імі тэрыторыі. Многае з задуманага ўжо распачата. Напрыклад, ачышчаны вадаём каля Эйфелевай вежы ў вёсцы Парыж. Гэту работу надзвычай прафесійна выканаў індывідуальны прадпрымальнік з Пастаў Ігар Хаткевіч. Устаноўлены альтанкі каля навадруцкай і варапаеўскай школ. З наступленнем вясны работы актывізуюцца.

Анна Анішкевіч
Фота Алега Лысёнка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.