Охранник с душой поэта. Необычное хобби Владимира Свирковича

Важное Общество

Вартаўнік з душой паэта

Амаль усё жыццё пастаўчаніна Уладзіміра Свірковіча звязана са службай у сілавых структурах. А аддушынай у працоўных буднях з’яўляецца хобі — вершаскладанне.

Уладзімір Міхайлавіч — кадравы ваенны. Пасля школы закончыў Рыжскае вышэйшае ваеннае камандна-інжынернае вучылішча ракетных войскаў. Некаторы час служыў у Расіі: у Кіраўскай, Архангельскай абласцях, сталіцы Рэспублікі Марый Эл горадзе Ёшкар-Ала. Затым звольніўся з Узброеных Сіл і вярнуўся на радзіму, у Паставы. 11 гадоў працаваў інжынерам-тэхнолагам на «Беліце», пакуль знаёмы, які заняўся камерцыйнай дзейнасцю, не запрасіў у сваю фірму экспедытарам.

— Надоўга я там не затрымаўся, — расказваў мужчына. — Як чалавек з армейскім мінулым люблю парадак, дакладнасць, форму. Таму вырашыў уладкавацца ў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Адпрацаваў год вартаўніком і вярнуўся ў камерцыю: захацеў паспрабаваць сябе ў ролі індывідуальнага прадпрымальніка. Ды нічога не выйшла. І праз 3 гады я зноў прыйшоў у ахову, на гэты раз — з цвёрдым жаданнем застацца. Мяняць работу больш не збіраюся: я знайшоў сваё месца і ў любое надвор’е з радасцю іду на любы пост.

Калі не лічыць першы год службы, у штаце падраздзялення Уладзімір Міхайлавіч са студзеня 2012 года. За гэты час давялося ахоўваць розныя аб’екты ў горадзе і раёне: гарадскі водазабор, райвыканкам, ДЭУ-33, каапнарыхтпрамгандаль, малаказавод, РЭС, іншыя ўстановы і арганізацыі. Цяпер дзяжу­рыць у ТАА «Вытворча-мэблевы цэнтр». Ад яго кіраўніка Канстанціна Савіцкага начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Вадзім Крыштафовіч чуе пра свайго падначаленага толькі добрыя словы. Са станоўчага боку характарызуюць У. М. Свірковіча і іншыя кіраўнікі. У 2019 годзе добрасумленны і адказны работнік быў узнагароджаны граматай раённага выканаўчага камітэта, у 2017-м — граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

— На працу я прыходжу не за 15 хвілін да пачатку змены, як устаноўлена інструкцыяй, а яшчэ раней, — кажа Уладзімір Свірковіч. — Раблю так, каб паспець абысці аб’ект, даведацца пра бягучую сітуацыю на ім у калегі, якога змяняю, праверыць дакументацыю, сродкі сувязі і аховы. На працягу змены сачу за выкананнем прапускнога рэжыму на прахадной — каб кожны, хто жадае трапіць на прадпрыемства, у першую чаргу меў дазвол на гэта і быў здаровы, — а таксама за тым, што адбываецца на ўсёй тэрыторыі аб’екта.

Па словах Уладзіміра Міхайлавіча, на службе не да паэзіі, хоць часам у галаве і нараджаюцца вершаваныя радкі. Тады мужчына стараецца хутчэй запісаць іх, каб не забыць. Верша­складаннем ён захапіўся падчас вучобы ў ваенным вучылішчы пад уплывам творчасці Сяргея Ясеніна і Аляксандра Блока. Пробу пяра падтрымаў адзін з выкладчыкаў, які меў некалькі ўласных паэтычных зборнікаў. Яго слушныя заўвагі вельмі спатрэбіліся ў далейшым.

Сёння Уладзімір Свірковіч таксама з’яўляецца аўтарам зборніка вершаў. Называецца ён «Бог есть любовь» і быў выда­дзены ў 2017 годзе ў Пастаўскай друкарні. У кнігу з 80 старонак увайшлі каля паўтары сотні лірычных твораў, галоўная тэма якіх — любоў у розных яе праявах. Многія вершы раней друкаваліся ў «Пастаўскім краі», а сам Уладзімір Міхайлавіч быў членам літаратурнага аб’яднання «Світанак» пры рэдакцыі раённай газеты.

— Апублікаваныя творы — далёка не ўсё напісанае мною за чатыры дзесяцігоддзі, — працягваў суразмоўца. — Спачатку я пісаў іх і выкідваў, пакуль не зразумеў, што павінен падзяліцца з іншымі сваім бачаннем навакольнага свету. Цяпер рыхтую да выдання другі паэтычны зборнік. Паэзія для мяне — спосаб выразіць тое, што ёсць у душы, жаданне падарыць людзям радасць, веру і добры настрой.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.