Подведены итоги районного конкурса молодых семей «Мастера деревни»

Важное Общество

Вось яны – вёскі майстры!

Падведзены вынікі раённага конкурсу маладых сем’яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці

У сувязі са складанай эпідсітуацыяй канкурсанты (а іх было 6) прэзентавалі сябе праз эсэ і відэаролік, у якіх расказалі пра работу, адпачынак, захапленні. Кожная сям’я аказалася ўнікальнай. На думку журы, 1-га месца ўдастоіліся Гваздзеўскія з Варапаева, 2-га — Дзеравянкі з Андрон, 3-га — Авізічы з Логавінцаў. Яшчэ тры сям’і прызнаны найлепшымі ў намінацыях: «Самая рамантычная», «Самая творчая», «Самая гаспадарчая».

Сям’ія Гваздзеўскіх

Андрэй і Кацярына Каралёнкі жывуць у вёсцы Хрыстова Валкоўскага сельсавета. Іх сям’і ўсяго год, таму і адносіны паміж мужам і жонкай рамантычныя. Андрэй працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, Кацярына — у інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пастаўскім раёне. Цяпер займаецца выхаваннем маленькага сына Яраслава, які радуе не толькі маму з татам, але і бабуль, дзядуляў.

Алёна Дзеравянка з дачушкай Лізай

Алена і Аляксандр Будзічы пазнаёміліся ў дунілавіцкім клубе на дыскатэцы, на якую Лена прыехала з Ляхаўшчыны. Саша — мясцовы. Пасля заканчэння аграрнага каледжа Віцебскай дзяржакадэміі ветэрынарнай медыцыны працаваў галоўным аграномам у «Дунілавічах-агра», цяпер — у Пастаўскім лясгасе. Алена — медсястра па масажы фізіятэрапеўтычнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя. Хутка зразумелі, што створаны адно для аднаго, і згулялі вяселле. З розніцай у два гады ў сям’і нарадзіліся Ульяна і Сафія. Сям’я жыве ў бацькоўскім доме ў Дунілавічах. Галоўнай каштоўнасцю лічыць моцныя сямейныя карані. У свой час у Будзічаў за святочны стол садзілася больш за 40 чалавек. Цяпер у сувязі з пандэміяй такім шырокім складам збіраюцца рэдка. Іх гэта вельмі засмучае. Муж і жонка вызначаюцца працавітасцю: у дзвюх цяпліцах вырошчваюць агародніну, трымаюць гаспадарку, каля дома дагледжаная тэрыторыя. Работу не дзеляць: калі Лена на рабоце, Саша можа і абед зва­рыць, і ў доме прыбраць. Прыехаць на падвядзенне вынікаў усёй сям’ёй не атрымалася. Перад выхадам на сцэну Саша папраўляў дзяўчынкам прычоскі, а яны лашчыліся і туліліся да яго. Сям’я Будзіч прызнана самай творчай.

Андрэй і Кацярына Каралёнкі

Сярод канкурсантаў прыемна было бачыць вадзіцеля ААТ «Навасёлкі-Лучай» Сяргея Варашкевіча. Яго як аднаго з найлепшых работнікаў гаспадаркі неаднаразова фатаграфавала ў полі. А тут была магчымасць пазнаёміцца з яго жонкай Крысцінай, сыночкамі — трохгадовым Кірылам і Раманам, якому нядаўна споўніўся годзік. Крысціна па прафесіі повар, некаторы час працавала па спецыяльнасці, затым перакваліфікавалася ў прадаўца. А цяпер яе асноўны клопат — выхаванне дзетак. Яшчэ Крысціна — выдатны кулінар: любіць частаваць сваіх родных рознымі прысмакамі. Жыве маладая сям’я з бацькамі Сяргея. Разам яны працуюць на зямлі і ствараюць прыгажосць вакол дома. Варашкевічы названы самай гаспадарчай сям’ёй.

Аляксандр Будзіч з дачушкамі Ульянай і Сафіяй

У Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства працуюць Дзмітрый і Алёна Дзеравянкі. Ён — электраманцёр, яна — намеснік начальніка аддзела ўліку. Чатырохгадовая дачушка Ліза наведвае дзіцячы садок. А жыве сям’я на радзіме Дзімы — у Андронах. Гаспадар мае залатыя рукі: умее працаваць з дрэвам, металам, да кожнай сваёй задумкі падыхо­дзіць творча. Гаспадыня стварае ўтульнасць у доме, смачна гатуе.

На жаль, не ўдалося асабіста пазнаёміцца з сям’ёй Дзяніса і Святланы Авізічаў з Логавінцаў: яны захварэлі. Але я перачытала іх эсэ, характарыстыкі з месца работы. Абое маюць вышэйшую адукацыю. Дзяніс працуе майстрам вытворчага навучання ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Для правядзення заняткаў выбірае сучасныя метады навучання, спалучае групавую і індывідуальную работу. У складзе зборнай каледжа ўдзельнічаў у абласным конкурсе аратых, дзе іх каманда заваявала 3-е месца. Святлана да нараджэння Арсенія настаўнічала ў юнькаўскай школе. У сям’і ёсць яшчэ першакласнік Павел. Авізічы пабудавалі ўласны дом у Логавінцах. Абжываюць яго, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю.

Сям’я Варашкевіч

1 студзеня 2010 года апошні танец навагодняй ночы закружыў у віхуры пачуццяў варапаеўцаў Ігара Гваздзеўскага і Юлію Жук. Вяселле згулялі толькі праз тры гады. К таму часу кожны з іх атрымаў вышэйшую адукацыю, меў любімую работу. Праз год сям’ю папоўніла дачушка Вара. Ігар узначальвае калектыў Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко, Юлія — педагог-арганізатар мясцовай сярэдняй школы. Абое творчыя, ініцыятыўныя, актыўныя ў грамадскім жыцці. На бацькоў раўняецца і другакласніца Вара.

Сем’і атрымалі падарункі, якія падрыхтавалі для іх раённыя арганізацыі РГА «Белая Русь», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, рэдакцыя райгазеты. А мне ўспамінаўся час, калі ўдзельнікі конкурсу раскрывалі свае здольнасці не толькі перад журы, але і перад гледачамі. Гэта было так цікава! Хочацца верыць, што эпідсітуацыя палепшыцца і конкурс вернецца да ранейшага фармату.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.