Акцэнт – на бяспецы
7 снежня Паставы з рабочым візітам наведаў першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі Андрэй Гаўрыленка. Ён сустрэўся з асабовым складам райаддзела па надзвычайных сітуацыях і калектывам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прыняў удзел у семінары-вучобе для спецыялістаў кадравых служб прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Выступаючы на семінары, які ладзіўся ў райвыканкаме ў рамках комплексу дадатковых мер па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18, і перад работнікамі ТЦСАН, Андрэй Уладзіміравіч расказаў пра рэспубліканскую акцыю «Апавяшчальнік у кожны дом» (яна праходзіць з 4 па 12 снежня). Акрамя таго, пазнаёміў прысутных з аператыўнай абстаноўкай з пажарамі і гібеллю людзей на іх на тэрыторыі вобласці і рэспублікі, назваў асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў і закрануў праблемныя пытанні ў забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва.

Гутарку ў тэрытарыяльным цэнтры Андрэй Гаўрыленка пачаў са слоў удзячнасці калектыву за вялікі ўклад у работу аглядавых камісій, якія сочаць за бяспечным станам жылля. У сваёй прамове ён акцэнтаваў увагу на ўмовах, якія садзейнічаюць узнікненню пажараў, — а гэта ў першую чаргу злоўжыванне алкаголем і працоўная незанятасць. Актуальнымі тэмамі сустрэчы сталі таксама эксплуатацыя пячнога ацяплення, электраабсталявання і электраабагравальнікаў, забеспячэнне бяспекі дзяцей, паводзіны ў надзвычайных сітуацыях, правілы карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння і абыходжання з электрапрыборамі. Паколькі набліжаюцца навагоднія святы, Андрэй Уладзіміравіч даў некалькі парад, як зрабіць так, каб Новы год і Каляды не азмрочыла бяда.
У рамках акцыі госць з вобласці нагадаў пра важнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жылых памяшканнях грамадзян, прывёў прыклады выратавання сем’яў гэтым маленькім «дзяжурным». Успомніў і пра мабільны дадатак «МНС Беларусі: дапамога побач», які ўладальніку смартфона можа спатрэбіцца ў любы момант. Завяршылася сустрэча праглядам тэматычных відэафільмаў, якія нікога не пакінулі раўнадушным.
Падчас гутаркі з асабовым складам РАНС Андрэй Гаўрыленка зрабіў акцэнт на асабістай бяспецы работнікаў і неабходнасці вакцынацыі. Ішла размова і пра забеспячэнне бяспекі на навагодніх мерапрыемствах, важнасць якаснай праверкі жылля ў складзе аглядавай камісіі і ўстаноўкі АПА. У канцы сустрэчы ён пажадаў усім ратаўнікам моцнага здароўя і менш надзвычайных сітуацый у іх жыцці.
Віталій Змітровіч, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС