Профсоюзная организация молочного завода насчитывает более 540 человек. Интервью с ее председателем Натальей Гринько

Общество

Кампетэнтны пасрэднік паміж работнікам і наймальнікам

Прафсаюзная арганізацыя малочнага завода налічвае больш за 540 чалавек. За апошні год яна павялічылася на 176. Ахоп прафсаюзным членствам на прадпрыемстве складае 98,9%. Пра ролю прафсаюза карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч  гутарыць са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі завода Наталляй Грынько.

— Наталля Уладзіміраўна, часта работнікі звяртаюцца ў прафкам і асабіста да вас як да прафсаюзнага лідара?

— Напрыклад, за два апошнiя гады паступіла 179 пісьмовых зваротаў. Яны датычылі ў асноўным аказання матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне, некаторых выплат, прадугледжаных калектыўным дагаворам, аплаты працы. Большасць зваротаў задаволеныя.

Калі бываю на вытворчасці, мне часта задаюць розныя пытанні вусна. Кожны раз стараюся выслухаць чалавека, унік­нуць у яго праблему і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы яе вырашыць. Прафсаюз заўсёды гатовы раздзяліць і радасць, і гора работнікаў. Мы працуем не толькі па заяўным, але і па выяўленчым прынцыпе. Маніторым сітуацыю ў калектыве, стараемся быць у курсе падзей, звяртаем увагу на настрой лю­дзей. Жыццё рэгулярна ставіць перад намі задачы, якія лягчэй выконваць калектыўна. Адна з найбольш актуальных праблем сёння — каранавірусная інфекцыя. За кошт прадпрыемства закупліваем сродкі дэзынфекцыі, ахоўныя медыцынскія маскі, пальчаткі. Пераконваем работнікаў у неабходнасці вакцынавання з мэтай стварэння калектыўнага імунітэту.

— Якія яшчэ меры прымаюцца на заводзе па аздараўленні работнікаў?

— Рэгулярна інфармуем іх пра прапановы ад сістэмы «Белпрафсаюзкурорт». З бюджэту прафсаюза выплачваем матэрыяльную дапамогу на патанненне санаторна-курортных пуцёвак, у тым ліку пуцёвак выхаднога дня, як для работнікаў, так і для іх дзяцей. На жаль, у сувязі са складанай эпідсітуацыяй жадаючых паехаць у здраўніцы мала. Тым, хто перахварэў на COVID-19, прапануем бясплатна прайсці курс па ўмацаванні органаў дыхання ў АДРАЦ «Ветразь».

— Здаровы лад жыцця прапагандуеце на заводзе?

— Абавязкова. Нашы работнікі за кошт прафсаюза маюць магчымасць наведваць спартыўныя секцыі, трэнажорныя залы, басейн, удзельнічаць у фізкультурна-аздараўленчых і культурна-масавых мерапрыемствах. Сёлета на турыстычным злёце, арганізаваным абкамам прафсаюза работнікаў АПК на базе СТК «Азёркі», наша каманда пры падтрымцы кіраўніцтва прадпрыемства заняла 3-е месца, падзяліўшы яго з камандай Полацкага малочнага камбіната.

Па пытанні арганізацыі актыўнага адпачынку цесна супрацоўнічаем з «Белтурыстам». І зноў жа эпідсітуацыя абмежавала магчымасці падарожні­чаць. У гэтым годзе былі арганізаваны паездкі па маршрутах Бярозаўка—Ліда—Гродна—Аўгустоўскі канал і Брэст—Жыровічы.

— Наталля Уладзіміраўна, ведаю, што на заводзе шмат увагі ўдзя­ляецца бяспечным умовам працы, а таксама сацыяльна-бытавым умовам работнікаў і іх матэрыяльнай падтрымцы.

— На пасяджэннях прафкамітэта рэгулярна разглядаем пытанні аховы працы, стварэння здаровых і бяспечных умоў на рабочых месцах, забяспечанасці людзей спецадзеннем. Для прафілактыкі вытворчага траўматызму ў нас працуюць тры грамадскія інспектары па ахове працы.

Вялікую ўвагу ўдзяляем кантрактнай форме найму. Кантракты заключаны з 547 работнікамі. Згодна з калектыўным дагаворам, чалавеку, які не парушыў дысцыпліны, кантракт падаўжаецца на максімальны тэрмін — 5 гадоў.

Па рашэнні кіраўніцтва прадпрыемства пабудавана 8 кватэр. Яны выдзяляюцца на ўмовах ведамаснай арэнды работнiкам, у тым лiку маладым спецыялістам, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў.

Не забываем пра адрасную падтрымку сем’яў. Удзельнічаем у прафсаюзных акцыях напярэдадні навучальнага і Новага года, накіроўваем на аздараўленне ў летнія лагеры дзяцей работнікаў.

У мінулым годзе калектыўны дагавор складзены ў новай рэдакцыі. У ім значна расшыраны раздзел пра дадатковыя выплаты, льготы, кампенсацыі. Удвая павялiчаны памер матэрыяльнай дапамогі па сямейна-бытавых абставінах. Прадугледжаны выплаты ветэранам прадпрыемства.

Нашай галоўнай задачай была і застаецца абарона правоў і інтарэсаў работнікаў. І мы імкнёмся рабіць для гэтага ўсё магчымае. Прафсаюз — гэта кампетэнтны пасрэднік паміж работнікам і наймальнікам. Яго функцыя, з аднаго боку, — акумуляваць пытанні, якія хвалююць калектыў, фармуляваць прапановы і даводзіць іх да кіраўніцтва, з другога — тлумачыць работнікам, што выканаць сацыяльныя праграмы магчыма толькі пры дасягненні высокіх вытворчых паказчыкаў, рэнтабельнасці продажу.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.