С добром — к другим. Юный волонтёр БОКК Никита Плюто

Важное Общество

З дабром – да іншых

Падчас турыстычных злётаў, якія гэтым летам ладзіліся ў Азёрках, Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» звярнула ўвагу на юнага валанцёра. Хлопец, апрануты ў камізэльку з эмблемай Чырвонага Крыжа, падносіў ваду ўдзельнікам мерапрыемстваў, не праходзіў міма пажылых, цікавіўся ў іх, чым дапамагчы.

— Гэта наш актывіст Мікіта Плюта, — тлумачыць старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Неяк падчас наведвання былой БШ №5 прапанавала вучням дапамагаць мне ў рабоце. Мікіта адклікнуўся першым. І захапіўся новым заняткам. Мы з ім неаднаразова выязджалі ў летнія дзіцячыя лагеры, расказвалі там пра першую дапамогу пацярпелым пры розных няшчасных выпадках. Калі напачатку Мікіта быў толькі асістэнтам (падаваў мне неабходныя рэчы), то пазней ужо сам расказваў дзецям тэорыю, дэманстраваў наглядна розныя прыёмы аказання першай дапамогі.

Юны валанцёр Мікіта Плюта

На мінулым тыдні разам з Таццянай Шахавай я наведалася ў Пастаўскую гімназію, дзе вучыцца Мікіта. На класным часе разглядалася тэма «Траўматызм. Аказанне першай дапамогі». Юны валанцёр проста і даступна расказаў сваім равеснікам пра траўмы, якія можна атрымаць у галалёд, меры засцярогі. Затым з Таццянай Шахавай яны прадэманстравалі спосабы транспарціроўкі ўмоўна пацярпелага.

— Дапамагаць іншым прывык з маленства, — расказваў Мікіта Плюта. — І хоць у сям’і я малодшы, пастаянна імкнуся быць карысным маме, тату, бабулі, старэйшым сёстрам. Ды і навокал шмат людзей,  якія патрабуюць канкрэтнай дапамогі. І я лічу: калі мне пад сілу яе аказаць, то чаму б гэта не зрабіць? Дапамога іншым прыносіць мне задавальненне.

Мікіта вучыцца ў 8 класе. У гімназіі захапіўся гісторыяй. Наведвае ваенна-гістарычны клуб Першай сусветнай вайны «Пастаўскі рубеж». Разам з яго кіраўніком настаўнікам Аляксандрам Кузняцовым падрабязна вывучае падзеі таго часу, якія адбываліся на Пастаўшчыне. Вольны ад урокаў час, як і яго равеснікі, з ахвотай право­дзіць у сацыяльных сетках, любіць пага­няць мяч. Часта наведваецца да бабулі, якая жыве па вуліцы В. Харужай у Паставах. Тая трымае невялікую гаспадарку, і Мікіта ў многім ёй дапамагае.

— Валанцёрскі рух з кожным годам развіваецца, — гаварыла Таццяна Шахава. — У нашым таварыстве працуюць людзі розных узростаў. Яны наведваюць адзінокіх пажылых, інвалідаў, наводзяць парадак каля помнікаў і абеліскаў. Іх паслугі вельмі запатрабаваныя. А Мікіта — самы юны памочнік.

Пачула выраз: «У Бога няма іншых рук на зямлі, як рукі валанцёра». Работа валанцёра нялёгкая, ахвярная. І толькі чалавек са шчырым сэрцам, неабыякавы да лёсу іншых, здольны яе выконваць. У Мікіты наперадзе ўсё жыццё. Няхай не пакіне яго прага рабіць дабро і быць карысным іншым.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.