Сегодня — День юриста. Юрисконсульт лесхоза Ольга Сологуб с детства мечтала стать юристом

Общество

На сваім месцы

«Стаць юрыстам я марыла з дзяцінства і іншыя варыянты нават не разглядала. Вельмі хацела пайсці па слядах бацькі, які шмат гадоў узначальваў крымінальны вышук у Шаркаўшчынскім райаддзеле ўнутраных спраў. Але родныя пераканалі: работа ў міліцыі не для жанчыны. І я накіравала сваю мару ў грамадзянскае рэчышча». Так растлумачыла свой прафесійны выбар юрысконсульт Пастаўскага лясгаса Вольга Салагуб.

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін у Мінску на спецыяльнасць «Правазнаўства». Закончыўшы яго, у 2010 годзе ўладкавалася юрысконсультам на аграбудаўнічае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі».

— Спачатку было нялёгка, — расказвала яна. — Буйная арганізацыя, сур’ёзныя дзяржаўныя праекты — а гэта вялікая адказнасць. Не маючы вопыту работы, даво­дзілася паднімаць юрыдычную літаратуру, разбірацца ва ўсіх нюансах дзеючага заканадаўства, раіцца з іншымі юрыстамі, зарабляць сабе імя і аўтарытэт у першую чаргу ў калектыве і перад кіраўніцтвам, каб табе давяралі і прыслухоўваліся да твайго меркавання.

Юрысконсульт лясгаса Вольга Салагуб

У «Рассвеце» Вольга Віктараўна працавала да нараджэння дзіцяці. А затым у 2019 годзе перайшла ў лясгас. Абавязкі юрысконсульта тут мала адрозніваюцца ад таго, чым займалася на былым месцы работы. Гэта афармленне дагавораў, работа з дэбіторскай запазычанасцю, складанне прэтэнзій даўжнікам, дасудовае ўрэгуляванне спрэчак паміж бакамі і ўдзел у адміністрацыйных працэсах, кантроль за правядзеннем закупак і за своечасовасцю паставак па дагаворах, загадная вытворчасць, афармленне дысцыплінарных спагнанняў.

— Работы шмат. Тым не менш яна мне падабаецца. Абсалютна ўпэўненая, што не памылілася ў выбары прафесіі, — кажа Вольга Салагуб.

Жанчына імкнецца пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень. Ездзіць на адпаведныя курсы, удзельнічае ў розных анлайн-семінарах, якіх зараз праводзіцца вялікае мноства. Калі была ў дэкрэтным водпуску, па ўласнай ініцыятыве за свае сродкі займалася ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

— Беларускае заканадаўства ўвесь час мяняецца. І трэба быць у тэме, каб разумець, пра што ідзе размова. Кар’ера юрыста не церпіць доўгіх перапынкаў, — зазначыла мая суразмоўца.

Прафесійнаму росту работнікаў усяляк садзейнічае кіраўніцтва лясгаса. Яно без праблем аплачвае анлайн-семінары і падпіску на юрыдычныя часопісы, купіла і ўстанавіла сучасныя камп’ютарныя праграмы, неабходныя для работы. А пасля таго, як арганізацыя пераехала ў будынак былой мытні, амаль у кожнага спецыяліста, і ў юрыста ў тым ліку, з’явіўся свой прасторны кабінет. Усё гэта разам са шчырымі, сяброўскімі адносінамі ў калектыве вельмі садзейнічае плённай працы.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.