Слышали ли вы что-нибудь про деревню Схолино? Тогда почитайте ее историю

История

Вяртаем Схоліна з небыцця

Ці даводзілася вам чуць што-небудзь пра вёску Схоліна? Калі вырашыце скарыстацца сучаснымі картамі нашага раёна, то населенага пункта з такой назвай не знойдзеце. А ў яго, між тым, найцікавейшая гісторыя, якой яшчэ некалькі гадоў назад зацікавіліся вучні Камайскай сярэдняй школы.

Дзякуючы шматлікім экспедыцыям, вывучэнню разнастайнай літаратуры ўдалося шмат чаго даведацца пра гэту вёску. Інфармацыя пра яе была ўключана ў даследчую працу «Гістарычная спадчына ваколіц мястэчка Камаі», якая сёлета на абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі «Эўрыка» атрымала дыплом III ступені.

Чым жа адметная былая вёска Схоліна? Прапануем «адматаць» гісторыю на дзесяцігоддзі назад…

Каля 100 гадоў таму паміж вёскамі Навасёлкі-2, Лопуці і Лодасі размяшчаўся маёнтак пана Сарокі. Вакол яго гаспадаркі туліліся сядзібы жыхароў Схоліна. Кажуць, што сваю назву мясціна атрымала ад імя дачкі пана Сарокі — Схолі. Бацька не мог нацешыцца з дзяўчынкі, таму і маёнтак свой назваў у гонар дачкі — Схоліна.

На шляху да крыніцы

У 1920—30-я гады пры маёнтку дзейнічала польская школа. У савецкі час пана раскулачылі і саслалі ці то ў Сібір, ці то ў Казахстан, таму маёнтак, а пасля і вёска пачалі прыходзіць у заняпад. Сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы разбіралі і перавозілі ў суседнія Навасёлкі-2. Са схолінскіх бярвёнаў быў пабудаваны адміністрацыйны будынак калгаса. Тут жа знаходзіліся клуб, бібліятэка і ФАП.

З часам школа ў Схоліне перастала дзейнічаць, яе перанеслі ў Падвішняк, аднак называлася яна па-ранейшаму схолінскай. У 80-я будынак знішчыў пажар, навучальную ўстанову было вырашана перанесці ў Навасёлкі-2. Там пад школу адвялі новы двухпавярховы дом. Хоць гэта было трэцяе месца размяшчэння ўстановы адукацыі, назву яна захавала былую — Схолінская базавая школа. Сваю дзейнасць спыніла ў 2009 годзе.

Ад маёнтка пана Сарокі ў мястэчку застаўся толькі каменны падмурак і рэшткі гаспадарчых пабудоў. Цяпер яшчэ можна разглядзець прыкладны план размяшчэння паркавага ансамбля, хоць, як сцвярджа­юць мясцовыя, шмат раслін было выкапана і перавезена ў Мінск.

Многія схолінцы пахаваныя на лопуцкіх могілках. Там існавала традыцыя жыхароў розных населеных пунктаў хаваць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Пахаванні жыхароў вёскі Схоліна размяшчаліся на паўднёвым усходзе могілак. Тут жа знаходзілася і капліца з магіламі родзічаў пана Сарокі, але ў савецкі час яна была разбурана.

Яшчэ адной адметнасцю былой вёскі Схоліна з’яўляецца крыніца, пра якую ведаюць у асноўным мясцовыя жыхары. Яна знаходзіцца за 300 местраў ад былой сядзібы пана Сарокі. Сцюдзёная вада з крыніцы магла выкарыстоўвацца на патрэбы маёнтка. Яна і цяпер чыстая, празрыстая і мае прыемны смак. Раней крыніца карысталася папулярнасцю ў пастухоў і жыхароў суседніх вёсак: у час сенакосу і нарыхтоўкі дроў яны прыходзілі сюды па ваду.

Сёлета быў праведзены лабараторны аналіз крынічнай вады, які пацвердзіў, што па паказчыках яна не парушае нормаў, па сваім саставе падобная да калодзежнай і ўтрымлівае мала жалеза.

Вакол крыніцы доўгі час не было парадку, таму вырашылі яго навесці. Летам і восенню гэтага года тут кіпела работа: вучні і іншыя энтузіясты на прылеглай тэрыторыі высякалі хмызняк, расчышчалі сцежкі, ачышчалі крыніцу ад зарасніку. Па контуры водны аб’ект выклалі камянямі. На шляху да яго паставілі паказальнік, развесілі блакітныя стужкі для лепшага арыентавання турыстаў (чым не квэст па пошуку аб’екта?).

Схоліна — не азіная вёска, гісторыю якой вывучаюць вучні камайскай школы. Ёсць цікавасць і да іншых, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Мы часта ладзім па ім краязнаўчыя вандроўкі, складаем турыстычныя маршруты. Адзін з іх называецца «Залатое кола Камайшчыны» і ўключае ў сябе 15 населеных пунктаў: Трапшавічы, Мягуны, Радута, Палхуны і іншыя. Агульная працягласць маршруту — 45 кіламетраў, яго можна праехаць на веласіпедзе за 8-10 гадзін.

Яшчэ адзін маршрут — «Уладар колераў і фарбаў» — прысвечаны жыццю і дзейнасці мастака Альфрэда Ромера. У планах —  распрацаваць і іншыя вандроўкі. Гэтым актыўна будзем займацца на працягу навучальнага года.

Вераніка Ахрановіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Камайскай СШ, Анастасія Собаль, вучаніца 11 класа

***

Гутаркі з мясцовымі жыхарамі, апрацоўка інфармацыі, праведзенае добраўпарадкаванне выклікалі станоўчыя эмоцыі, якія склаліся ў легенду:

За вялікімі ўзгоркамі
Паміж Крэйвай, Навасёлкамі
З-пад зямлі вада бруіцца,
І імчыць-блішчыць крыніца!
Прабягае паміж лотаці
І ўліваецца ў Лодасі.
Векавыя ясені і ліпы
Карані пераплятаюць
І руіны ад сядзібы
У засені лістоў хаваюць.
Некалі тут пан Сарока
Меў маёнтак свой высокі.
Дрэвы, што растуць да хмар,
Сам садзіў тут гаспадар.
Грошай меў той пан нямала,
Гаспадарыў умела, дбала.
Няма сына — вось нядоля!
Ды расла дачушка Схоля.
Прыгажуня тая панна
З трапяткім і гнуткім станам,
Вочы — колеру нябёс
У пералівах русых кос.
Марыў бацька, што ў палацях
Слаўны паніч будзе зяцем,
Ды дачка яго адзіна
Пакахала селяніна.
У гневе быў той пан Сарока,
Выгнаў хлопца ён далёка.
Для дачкі непаслухмянай
Бацька выбраў мужам пана.
Ля чаромхі маладой
Перадвясельнай раніцой,
Дзе праходзілі спатканні
З хлопцам любым і каханым,
Горкія слёзы Схоля ліла…
Плакала з ёй у тым месцы зямля.
Суждана так было нарадзіцца
Чыстай, як слёзы паненкі,  крыніцы.

Вершаваная апрацоўка Веранікі Ахрановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.