Тихое счастье: Леонида и Иван Кожухи отпраздновали золотую свадьбу

Общество

Ціхае шчасце

Паўстагоддзя яны прайшлі поруч. І як было не адзначыць залатое вяселле? Прыязджайце да нас у Мінск. Тут і адсвяткуем дату, — паклікалі родныя.

З Мінска паехалі ў Мір. «Мы заказалі столікі ў рэстаране ў Мірскім замку, — паставілі дочкі перад фактам. — Але найперш разам з вамі трэба заглянуць у гарсавет».

— Аказалася, што па іх просьбе там усё было падрыхтавана да ўрачыстай рэгістрацыі нашага залатога шлюбу, — расказвалі Леаніда і Іван Кожухі з вёскі Навінкі Казлоўшчынскага сельсавета. — Мы гэтага не ведалі і, безумоўна, разгубіліся ад такога сюрпрызу. Але было прыемна.

У тыя хвіліны яны зноў, як і 50 гадоў назад, перажылі шмат хвалюючых эмоцый. А памяць вяртала ў мінулае. Леаніда адразу пасля заканчэння школы працавала настаўніцай у барэйкаўскай васьмігодцы і завочна вучылася ў педінстытуце. У вёсках у той час было шмат моладзі. Вольны час бавілі весела: ладзілі танцы, выступалі з канцэртамі. Дзяўчаты і хлопцы збіраліся на рэпетыцыі то ў школе, то ў хаце, дзе кватаравала настаўніца. Вярнуўшыся з тэрміновай службы ў арміі, уліўся ў маладзёжную суполку і Іван Кожух, дзе і запрыкмеціў Леаніду. Пачалі сустракацца і пакахалі адно аднаго.

Шлюб маладзенькай настаўніцы Леаніды Татыржы і тэхніка-гідратэхніка рыбгаса «Навінкі» Івана Кожуха рэгістравалі на сцэне Казлоўшчынскага сельскага клуба. Такая ўрачыстасць ва ўстанове культуры право­дзілася ўпершыню, таму асабліва прыцягвала ўвагу вяскоўцаў. Да таго ж на ёй прысутнічаў і віншаваў маладых другі сакратар райкама камсамола, што надавала падзеі яшчэ большую значнасць. А вяселле зладзілі сціплае — запрасілі на яго толькі самых блізкіх.

Леаніда Лявонцьеўна ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай. Іван Генадзьевіч ад рабочага ў рыбгасе дарос да дырэктара і на працягу 25 гадоў узначальваў калектыў. Але яны ніколі не ставілі сябе вышэй за іншых. Пытаюся ў жанчыны, ці не зайздросцілі ёй калегі або знаёмыя як жонцы дырэктара. «А чаму было зай­здросціць? — здзіўляецца яна. — Мы заўсёды жылі сціпла». І дадае па-філасофску: «Пасада кіраўніка не даецца ад нараджэння і да скону. Сёння ты начальнік, а заўтра — ніхто. Мой Іван заўсёды адносіўся да людзей па-людску. І я ніколі не фанабэрылася».

Ужо шмат гадоў абое на пенсіі. Кола зносін, безумоўна, звузілася. Але тыя, хто быў сапраўднымі сябрамі, так імі і засталіся. Добра, што існуюць сацыяльныя сеткі і ў цяперашні, пандэмічны, час зносіны не спыняюцца хаця б віртуальна. А самае галоўнае, што яны ўдваіх і ў родным куточку, што ў іх цудоўныя дзеці і ўнукі, цяпло і ўвагу якіх адчуваюць заўсёды.

Іван і Леаніда Кожухі з роднымі пасля рэгістрацыі залатога шлюбу

— Дочкі Каця і Наташа, зяць Валодзя, унукі прыязджаюць да нас часта, — расказвалі бацькі. — Дапамагаюць упраўляцца на агародзе, у іншых гаспадарчых справах, ходзяць у грыбы і ягады, адпачываюць. І мы да пандэміі часта наведваліся да іх у Мінск.

Цікавая адметнасць: абедзве дачкі Кожухаў і ўнучка Тома закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Зараз там жа вучыцца ўнук Ваня. Толькі ўнука Мішу захапіла музыка, і ён закончыў музычнае вучылішча. Аднак працуе ў іншай сферы.

Ну а чым жа займаюцца бабуля з дзядулем? У Леаніды Лявонць­еўны чыста жаночыя клопаты: прыбраць, памыць, прыгата­ваць, пашыць. Летам прыбаўляецца працы ў агародзе. Любіць у інтэрнэт-прасторы пападарожнічаць па розных мясцінах былога Саюза, іншых краінах, паглядзець добры фільм. У Івана Генадзьевіча захапленняў хоць адбаўляй: тэхніка, фота- і відэаздымкі, музыка. Сваімі рукамі сабраў два трактары, самакат і трайк. Грае на піяніна, баяне, сінтэзатары. Цікавіцца гісторыяй некалі неабсяжнай краіны — СССР — і ўсё глыбей унікае ў яе раней невядомыя старонкі.

Адным словам, сумаваць не прыходзіцца. З’яўляюцца і новыя клопаты, напрыклад перавод дома на электраацяпленне. Калі раней даводзілася качагарыць самім, то да гэтага ацяпляльнага сезона ўстанавілі электракацёл. Стараюцца засцерагчыся ад каранавіруса: нядаўна абое зрабілі рэвакцынацыю. І іх ужо без асцярогі наведалі мінчане. Такія дні для бацькоў — заўсёды асаблівая радасць. А для дзяцей і ўнукаў — шчасце, што іх мама і тата, бабуля і дзядуля вось ужо 52 гады крочаць па жыцці побач, што трымаецца іх здароўе і заўсёды адчыненыя дзверы бацькоўскага дома.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.