Творческие коллективы Новоселковского филиала Воропаевской ДШИ им. И. Сушко пополнили копилку наград

Культура

Папоўнілі скарбонку ўзнагарод

Міжнародныя фестывалі-конкурсы мастацтваў «Час цудаў», «Арт-палёт», «Краса восені», «Векавая спадчына», «На Алімпе», «Душа роднага краю», «Паўночны вецер», Wow art awards, «Вясёлка сугуччаў» праходзілі сёлета ў Маскве, Чалябінску, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе, Мінску, Шаркаўшчыне. У кожным з іх удзельнічалі і творчыя калектывы Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко. У выніку скарбонку ўзнагарод установы папоўнілі 9 дыпломаў I ступені, 3 — II, 3 — III і 2 — Гран-пры.

— Разнастайныя конкурсы, фестывалі — гэта вялікая школа майстэрства, стымул да дасягненняў, — гаварыла загадчыца філіяла Алена Салавей. — На жаль, з-за складанай эпідсітуацыі большасць з іх ладзіліся дыстанцыйна. Каб паказаць нашых здольных выхаванцаў, мы дасылалі заяўку на ўдзел у конкурсе і відэазапіс выступлення таго ці іншага калектыву. Вядома, «магію» сцэны нічым не замяніць. Падчас выступлення на ёй пануе атмасфера ўзнёсласці. Гэта жывы гук і эмоцыі гледачоў, новыя знаёмствы, здаровая канкурэнцыя. Але і ў рэжыме анлайн фестывалі-конкурсы матывуюць удзельнікаў займацца творчасцю прафесійна, выпрацоўваюць сцэнічную вытрымку, даюць пэўны вопыт.

Аркестр баяністаў «Арт-тоніка»

Няпроста якасна запісаць відэа: удзельнік фестывалю працуе не на залу з гледачамі, а на камеру, і любая памылка фіксуецца. Часам даводзіцца запісваць па некалькі разоў, а затым выбіраць найлепшы дубль. Напрыклад, відэа дзвюх кампазіцый аркестра «Арт-тоніка» запісвалі каля дзвюх га­дзін. У афлайн-фармаце журы праглядвае нумары адзін за другім, ацэнку выстаўляе адразу. А падчас анлайн-конкурсу запіс можна перагледзець некалькі разоў, дасканала вывучыць выступленне. Нярэдка ролік з канцэртным нумарам, змешчаны ў інтэрнэце, ацэньваюць тысячы чалавек. Анлайн-конкурсы даюць дадатковыя магчымасці для рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей, бо не ўсе яны, асабліва з перыферыі, могуць удзельнічаць у маштабных мерапрыемствах. У анлайн-рэжыме абмежаванні сціраюцца.

Відэа выступленняў калектываў Навасёлкаўскага філіяла, дасланыя на розныя конкурсы, высока ацэненыя прадстаўнічым, кампетэнтным журы. Гран-пры на міжнародным конкурсе «Час цудаў» у Маскве ўдастоены ансамбль «Маладзіца» і аркестр баяністаў «Арт-тоніка». Дыплом I ступені ў конкурсе «Душа роднага краю» ў Чалябінску заваявала вакальная група «Натхненне». Гэта заслуга вакалістак Златы Ярашэвіч і Златы Лібозы, Леры Рамановіч і Насці Дзядзевіч. Сінхроннай, зладжанай ігрой уразіў журы міжнароднага фестывалю мастацтваў «Паўночны вецер» у Санкт Пецярбургу дзіцячы ансамбль «Старадворскія лыжкары» і атрымаў дыплом II ступені.

Баяністкі Дзіяна Бугай і Віка Сафронава заваявалі дыплом III ступені ў міжнародным фестывалі-конкурсе «Здзяйсненне» ў Чалябінску. Пяты міжрэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі «Вясёлка сугуччаў» у Шаркаўшчыне сабраў юных таленавітых артыстаў з дзіцячых школ мастацтваў Міёр, Браслава, Глыбокага, Себежа Пскоўскай вобласці і іншых гарадоў. Удзель­нікам з Навасёлкаўскага філіяла прысуджана 1-е месца.

З кожнага фестывалю, у якім ўдзельнічалі нашы землякі, у мясцовую школу мастацтваў даслалі не толькі ўзнагароды, але і прыемныя водзывы пра таленавітых выхаванцаў і іх выкладчыкаў. Гэта натхняе на новыя распрацоўкі, стымулюе да ўдасканалення майстэрства і пакарэння новых вяршынь.

Анна Анішкевіч
Фота даслана Аленай Салавей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.