Творчество с приставкой «техно»: учащиеся колледжа создают своими руками необычные вещи

Важное Образование

Творчасць з прыстаўкай «тэхна»

Люксамер, кампрэсарную ўстаноўку, дымагенератар, прыстасаванне для рэзкі металу — гэта і многае іншае могуць зрабіць сваімі рукамі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнага профілю.

Тэхнатворчасці ў каледжы надаецца вялікая ўвага. Яна з’яўляецца часткай вучэбнага працэсу, такой жа важнай, як і ўрокі, практыкумы, вытворчае навучанне. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза адной з галоўных задач адукацыі было развіццё таленавітай моладзі і дзяцей. І сёння беларуская тэхнічная творчасць мае сваёй мэтай работу з адоранымі юнакамі і дзяўчатамі, якія павінны не адста­ваць ад прагрэсу, а ў некаторых выпадках нават апераджаць яго.

Дзмітрый Міхасёнак з другакурснікамі Максімам Фенчанкам, Дзмітрыем Навашынскім і Антонам Кандрацюком падчас заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах «Трактарыст-машыніст»
Пётр Шумуліоніс сярод экспанатаў музея тэхнічнай творчасці каледжа

— У нас пастаянна ёсць таленавітыя майстры і выкладчыкі, якія аб’ядноўваюць вакол сябе навучэнцаў, накіроўваюць іх, падказваюць ідэі і дапамагаюць іх рэалізаваць, — расказвала намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Нельга не ўзгадаць майстра вытворчага навучання Мікалая Віктаравіча Турлу, які вельмі шмат зрабіў для ўстановы ў плане тэхнатворчасці. У каледжы і сёння звініць сканструяваны ім званок. У 1979 годзе зроблены яго гурткоўцамі кантрольна-вымяральны прыбор «Пратон» быў дастаўлены ў Маскву на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і ўдастоены там сярэбранага медаля. Вялікі ўклад унёс таксама Часлаў Сцяпанавіч Шыдлоўскі, аўтар трэнажораў для вызначэння хуткасці рэакцыі вадзіцеля аўтамабіля і дзеяння сістэмы запальвання аўто. Апошні трэнажор выстаўляўся ў вобласці і рэспубліцы, атрымаў узнагароды, а зараз выкарыстоўваецца нашымі навучэнцамі падчас выканання лабараторных работ.

Сучаснымі паслядоўнікамі названых энтузіястаў з’яўляюцца Дзмітрый Міхасёнак, Пётр Шумуліоніс і Аляксей Харкоў, якія кіруюць аб’яднаннямі па інтарэ­сах «Трактарыст-машыніст», «Радыёэлектроніка» і «Меха­ні­ка». У кожным з іх займаюцца ад 8 да 15 навучэнцаў розных курсаў і спецыяльнасцей. Разам са сваімі кіраўнікамі яны ствараюць рэчы, якія потым знахо­дзяць прымяненне не толькі на лабараторных, але і на практычных занятках, вучэбных практыках. Так, наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах «Трактарыст-машыніст» абсталявалі ў лабараторыі ўсе рабочыя месцы па электратэхніцы і стварылі 12 рабочых месцаў па электраабсталяванні аўтамабіля. Акрамя таго, вырабілі аўтаматычнае зараднае ўстройства для акумулятарных батарэй, прыборы для дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы паветра, рэгуліроўкі напружання і святла фар і многае іншае.

— Зараз мы працуем над прыборам для вызначэння тэхнічнага стану акумулятарных батарэй, які дазваляе вымяраць напружанне, сілу току і супраціўленне, — гаварыў Дзмітрый Міхасёнак. — У планах на гэты вучэбны год зрабіць таксама прыбор для вызначэння каротказамкнёных віткоў электрычных апаратаў.

Шмат патрэбных на занятках і ў розных сферах дзейнасці рэчаў на рахунку наведвальнікаў аб’яднання па інтарэсах «Радыёэлектроніка». Сярод іх USB-мікраскоп і станок для аўтаматычнай намоткі трансфарматараў, генератар для рамонту і настройкі медыцынскіх прыбораў, паўаўтаматычны свідравальны станок, розныя вучэбныя стэнды. Многія з іх занялі прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных выставах, а зараз знаходзяцца ў музеі тэхнічнай творчасці каледжа, стварэннем якога заняўся Пётр Шумуліоніс.

 

Крыху іншы напрамак творчасці ў Аляксея Харкова. Пад яго кіраўніцтвам гурткоўцы аб’яднання «Механіка» вырабляюць з металу цікавыя арт-аб’екты. З дэталяў ад старых аўтамабіляў і іншага тэхнічнага хламу ствараюць сапраўдныя творы мастацтва: навагоднія ёлкі, фігуры катоў, сабак, быкоў, скарпіёнаў, драконаў для ўпрыгажэння інтэр’ера дамоў і прысядзібных участкаў. Экспанаты не проста вараць і фарбуюць, але і «начыняюць» электронікай.

Тэхнічная творчасць захапляе як навучэнцаў каледжа, так і школьнікаў, якія атрымліваюць тут прафесійную падрыхтоўку ў рамках прадмета «Працоўнае навучанне». Разам з гурткоўцамі яны з вялікім інтарэсам разабралі на вузлы і дэталі трактар «МТЗ-80», перанеслі яго з аднаго кабінета ў іншы, сабралі і завялі.

— Вялікую падтрымку тэхнатворцам аказвае наш дырэктар Сяргей Герасіменка, — гаварыла Наталля Шылько. — Ён стараецца знайсці грошы для закупкі ўсяго неабходнага для заняткаў, нейкім чынам адзначыць навучэнцаў і педагогаў, проста сказаць добрае слова ў іх адрас. Такія адносіны акрыля­юць, стымулююць працаваць яшчэ лепш.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.