У председателя Воропаевского сельского совета Инны Косаревской есть хобби — писать картины

Общество

І строгі кіраўнік, і творчая натура

Некалькі месяцаў таму ў Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы разгарнулася выстава карцін старшыні Варапаеўскага сельскага Савета Іны Касарэўскай «Вясёлкі цуд над намі ззяе, калі на свет уважліва глядзець».

Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, доўга не магла ўсвядоміць, як гэта сціплая жанчына сумяшчае ў сабе строгага, адказнага кіраўніка і такую тонкую творчую натуру. Вырашыла гэтым пацікавіцца ў самога аўтара прыгожых мастацкіх работ. На маё пытанне, як даўно захапляецца мастацтвам, Іна Генадзьеўна адказала:

— Малюю, колькі сябе памятаю. У дзяцінстве ў мяне была любімая кніга з вельмі прыгожымі малюнкамі. І я з задавальненнем пераносіла іх на паперу. Вялікая роля ў тым, што захапілася творчасцю, належыць маёй першай настаўніцы Валянціне Дзмітрыеўне Павалковіч. Памятаю, як у апошняй чвэрці 2 класа па маляванні яна паставіла мне адзіную чацвёрку. Мне неяк сорамна стала за гэта. Тая чацвёрка і падштурхнула да самаўдасканалення: усё лета я вучылася маляваць розныя прадметы і пейзажы.

Сама не заўважыла, як пагрузілася ў творчасць з галавой. Ад малявання пачала атрымліваць сапраўднае задавальненне. У старэйшых класах думала нават паступаць на мастацка-графічны факультэт. Але дома маю ідэю не падтрымалі, таму паступіла на філалагічны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Пасля вучобы Іна настаўнічала ў роднай гуцкай школе. Работа падабалася. Да таго ж тут яна магла адвесці душу ў плане творчасці: штогод у школе ладзілася вельмі шмат розных выстаў, у якіх удзельнічалі як вучні і іх бацькі, так і настаўнікі.

З уступленнем Іны Генадзь­еўны на пасаду старшыні Варапаеўскага сельскага Савета, безумоўна, часу на любімы занятак стала менш. Аднак нават пасля насычанага працоўнага дня хоць на 15 хвілін яна бярэ ў рукі пэндзаль і пачынае маляваць. Па словах маёй суразмоўцы, пры гэтым адчувае магутны паток энергіі, які дае сілы для іншых заняткаў.

— Калі малюеш, нічога не заўважаеш навокал, — працягвала Іна Касарэўская. — Пагружаешся ў нейкі незвычайны свет, які існуе недзе ў глыбінях падсвядомасці і які потым знаходзіць адбітак на паперы. Спачатку ў галаве нараджаюцца асобныя вобразы, затым яны паступова аб’ядноўваюцца ў краявіды.

У сваіх работах самадзейная мастачка імкнецца перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, уласнае яго бачанне і настрой, занатаваць непаўторнасць імгнення і паказаць яго іншым. І гэта ў яе атрымліваецца выдатна.

Святлана Шафаровіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.