Уроженка Постав Ирина Матяс назначена директором Государственного литературно-мемориального музея Якуба Коласа

Главное Общество

Натхняюць дом, і горад, і прырода

Нядаўна я даведалася, што ўраджэнка Пастаў Ірына Мацяс (дзявочае прозвішча Шорац) некалькі месяцаў таму назначана дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Парадавалася за зямлячку і запрасіла яе да размовы.

— Ірына, якую школу ты заканчвала і што тагачаснае ўспамінаецца?

— Я закончыла СШ №3. На той час здавалася, звычайная школа. А сёння разумею, што мне пашанцавала нарадзіцца ў Паставах і вучыцца ў гэтай школе. Усе настаўнікі — прафесіяналы. Выключны чалавек — дырэктар школы Часлава Веніямінаўна Мацур. Яна заўжды сустракала нас з добразычлівай усмешкай. Адной з маіх любімых настаўніц па рускай мове і літаратуры была Гуля Мікалаеўна Асхадуліна. Яркі педагог — Ганарата Альбінаўна Грыбоўская — прывіла любоў да твораў класікаў беларускай літаратуры. Ія Мікалаеўна Карпік навучыла разумець матэматыку. Прыязджаючы ў Паставы, з радасцю сустракаю Зінаіду Яўгенаўну Бягляк, якая выдатна выкладала нямецкую мову. Памятаю ўсіх сваіх настаўнікаў і ўсім удзячная.

— Ці падтрымліваеш стасункі з былымі аднакласнікамі або больш зносін маеш з аднакурснікамі?

— Ёсць і аднакласніцы, і аднакурсніцы, з якімі падтрымліваю цесныя сувязі. Дзякуючы «Аднакласнікам» мы шмат ведаем адна пра адну. З аднагрупнікамі сустракаемся штогод.

У 1997 годзе я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «Музейная справа і ахова помнікаў культуры». Вучыцца было надзвычай цікава. Мне падабалася ўсё: выкладчыкі-геніі, лекцыі, экскурсіі па музеях Беларусі, удзел у археалагічных раскопках. Падчас адной з іх я нават знайшла пацерку XI стагоддзя. Калі падчас вучобы ў школе атрымлівала розныя адзнакі, то ва ўніверсітэце — толькі выдатныя. Закончыла яго з чырвоным дыпломам, трапіла на прэзідэнцкі баль.

— Дзе даводзілася праходзіць практыку і што яна табе дала?

— На трэцім курсе хацела трапіць у Нацыянальны мастацкі музей, але не атрымалася. Практыку праходзіла ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Удзяч­ная лёсу, што так сталася. Па-першае, вельмі люблю творчасць Багдановіча. Па-другое, ва ўстанове добры, зладжаны, сяброўскі калектыў. Гэта і прывабіла, ды так, што адпрацавала там амаль 20 гадоў.

— Пра работу пагаворым далей. А зараз мне вельмі хацелася б па­чуць ад цябе пра сям’ю, у якой ты вырасла.

— Мне і дзвюм маім сёстрам пашанцавала: мы выраслі ў найлепшай сям’і. Мама і тата зацікаўленыя культурай і гісторыяй. Яны пастаянна набывалі кнігі, нават спецыяльна для мяне аформілі падпіску на беларускую энцыклапедыю. Тата хадзіў з намі, малымі, у музей. Разам з ім гулялі па гістарычных мясцінах Пастаў, пра якія заўжды распавядаў цікавыя гісторыі. Мне здаецца, што тата мог бы стаць пісьменнікам або рэжысёрам. Нават звычайны сняданак — варанае яйка — мы елі па-каралеўску, як у мультфільме «Брэменскія музыканты». Канешне, бацькі шмат працавалі і не песцілі нас так, як гэта зараз робяць матулі (маю на ўвазе і сябе), але мае дзіцячыя ўспаміны самыя светлыя. Мама з татам навучылі нас быць самастойнымі, атрымліваць асалоду ад жыцця. Хочацца сказаць вялікі дзякуй маім добрым, ра­зумным, незвычайным, любімым, найлепшым бацькам. Без іх выхавання і любові я не стала б той, кім ёсць сёння. Жадаю вам, мае дарагія, здароўя і доўгага жыцця, быць разам з намі яшчэ шмат гадоў!

— Памятаеш паэтычныя радкі: «Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем»? Ці ўдаецца гэта?

— Стараюся. Раней прыязджала штомесяц, зараз — радзей. Затое кожнае лета бываю ў Паставах падоўгу. Тут адпачываю душой, наталяюся сілай роднай зямлі. Мама песціць смачнымі стравамі і вітамінамі з градкі, тата забаўляе ўнукаў, якіх у яго пяцёра (ад трох дачок). Я люблю праводзіць час са сваёй сям’ёй, з роднымі сёстрамі, з якімі таксама хацелася б сустракацца часцей. На жаль, жывём у розных гарадах, але добра, што ў адной краіне. Паставы мяне натхня­юць: і родны дом, і горад, і прырода. Дарагія сэрцу мясціны — возера Задзеўскае, цэнтральная плошча з помнікамі архітэктуры, касцёл Святога Антонія Падуанскага, палац Тызенгаўзаў, старыя вуліцы горада, дзе прыгожыя дамы з верандамі…

— Заўсёды з задавальненнем гляджу ў тэлеэфіры цікавыя рэпартажы твайго мужа — таленавітага журналіста Аляксандра Мацяса. Дзе вы пазнаёміліся і які стаж вашай сям’і?

— Нас аб’яднала культура. Пазнаёміліся ў музеі падчас адкрыцця выставы, прысвечанай 100-годдзю з дня выхаду адзінага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». Саша браў у мяне інтэрв’ю, і яму спадабаўся мой эмацыянальны аповед. Стаж нашай сям’і яшчэ невялікі — сем гадоў. Гадуем дачушку Камілу. Вандруем сям’ёй па Беларусі. Дзе ні бываем, абавязкова наведваем музеі. Саша ўзбагачае мяне новымі ведамі, адкрыццямі, развівае. У нас з ім шмат размоў пра работу.

— Значыць, ёй і завяршым інтэрв’ю. Не шкадуеш, што выбрала музейную справу?

— Ніколькі. Гэта насамрэч тое, чым жыву. Музеі — наша гісторыя, якая духоўна ўзбагачае і з’яўляецца глебай для разумення сябе. Наша праца творчая. Яна вучыць эстэтыцы, культуры, інтэлігентнасці. Задача музейных работнікаў — захаваць культурную спадчыну і зацікавіць ёй кожнае пакаленне. Сучасныя музеі праводзяць шэраг развівальных інтэрактыўных праграм, мерапрыемстваў для розных катэгорый наведвальнікаў.

Працуючы ў музеі Максіма Багдановіча, прымала ўдзел у розных навуковых міжнародных канферэнцыях. Больш за ўсё любіла ствараць выстаўкі і шукаць для іх экспанаты. Так адкрывала для сябе новы свет унікальных музейных рэчаў. Падчас свят у музеі даводзілася пераўва­сабляцца ў літаратурных герояў або міфалагічных персанажаў —была русалкай, іспанкай, прынцэсай… Мне гэта падабалася, і наведвальнікам было цікава.

— Чым для цябе адметны музей Якуба Коласа?

— У дзейнасці літаратурнага музея ёсць важны аспект — работа са спадчыннікамі. Дык вось, гэты музей стварыў старэйшы сын пісьменніка Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Для захавання і папулярызацыі творчасці выдатнага класіка шмат робяць яго ўнучкі Марыя Міхайлаўна і Вера Данілаўна. Дзякуючы ім папаўняюцца фонды музея. А яго галоўным захавальнікам працуе праўнучка пісьменніка Васіліна Міцкевіч. З такімі памочнікамі ўсё пад сілу.

Наступны год — юбілейны: спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Планаў шмат: унікальныя выстаўкі, музейныя мерапрыемствы, цікавыя сумесныя праекты з іншымі музеямі.

Пра музей можна расказваць шмат. Але найлепш усё ўба­чыць на свае вочы, адчуць яго дух.Таму, карыстаючыся выпадкам, запрашаю землякоў на экскурсію. Буду вельмі рада бачыць вас, пастаўчане!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.