В Доме ремёсел открылась выставка мастеров из Полоцка «Песня маляванцы»

Культура

Песня маляванцы

Так называецца выстава работ майстроў народнага клуба аматараў абрэзкавага шыцця «Рошва» з Полацка, якая адкрылася 10 снежня ў Доме рамёстваў «Стары млын».

Над выставай удзельніцы клуба працавалі амаль 5 гадоў. І справа тут не толькі ў складанасці ўвасаблення ў жыццё задумы, але і ў тым, што для стварэння карцін выбралі вельмі няпростую ручную тэхніку — «балтыморскі квілт». Гэта асаблівы від аплікацыі, у якім малюнак з узорамі з кветак выконваецца шляхам нашывання на палатно кавалачкаў тканіны. Такія работы знешне падобныя да традыцыйных беларускіх маляваных дываноў, якія ствараліся з дапамогай фарбаў і пэндзля. Менавіта яны натхнілі народных умеліц на серыю абрэзкавых маляванак. Іх з’яўленню папярэднічала вывучэнне літаратуры, прагляд работ майстроў наіўнага мастацтва, знаёмства з гісторыяй, традыцыямі і вобразамі, паходы на выставы.

Свае карціны майстрыхі «Рошвы» стваралі па матывах традыцыйных беларускіх маляванак і казак, укладваючы ў кожную не толькі шмат працы, але і часцінку душы. «Песня маляванцы» экспанавалася ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны, пабывала за мяжой, цяпер падарожнічае па Беларусі. У Паставах выстава будзе знаходзіцца да лютага. Таму наведаць яе можа любы жадаючы. Кошт уваходнага білета — 60 капеек. Ахвотныя таксама змогуць прыняць удзел у спецыяльна арганізаваных майстар-класах па маляванцы.

 

Ну а першымі яркія абрэзкавыя карціны ўбачылі трэцякласнікі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, якія былі запрошаны на адкрыццё экспазіцыі. Дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух расказала ім пра маляванку і гісторыю з’яўлення прадстаўленых работ. Акрамя таго, пазнаёміла з традыцыйным народным тэатрам — батлейкай, паказаўшы прадстаўленне па прытчы «Нябесны госць» вядомага дзіцячага беларускага пісьменніка Барыса Ганагі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.