Па старым адрасе з новым абліччам
9 снежня ў мікрараёне будаўнікоў у райцэнтры пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрылася аддзяленне паштовай сувязі Паставы-4.
Усяго за 2 месяцы — а менавіта столькі часу ішоў рамонт — аддзяленне змянілася проста непазнавальна. Рабочыя рэгіянальнага вузла паштовай сувязі сваімі сіламі замянілі падлогу, паклаўшы плітку, атынкавалі і пафарбавалі сцены, зрабілі новую столь. Цалкам заменена і ўся мэбля, у тым ліку з’явілася сучасная бар’ерная стойка з вітрынамі і месцам для выдачы паштовых адпраўленняў. Устаноўлены счытвальнік для ID-карт (ён неабходны, калі пры атрыманні паслуг паштовай сувязі наведвальнік прад’явіць ID-карту). Словам, паштавікі пастараліся спалучыць якасць паслуг, якія аказваюць, і камфортнае знаходжанне кліентаў і персаналу.

Адкрыцця абноўленага аддзялення з нецярпеннем чакалі многія жыхары мікрараёна. Некаторыя ў вызначаны час прыйшлі да яго. Спецыяльна прыехалі ганаровыя госці: генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч і дырэктар Віцебскага філіяла Сяргей Максак. Вітаючы прысутных, яны адзначылі, што ўмовы працы і абслугоўвання кліентаў вельмі важныя для іх прадпрыемства. Таму кіраўніцтва «Белпошты» прыняло рашэнне паступова абнавіць усе свае аб’екты сувязі, прывесці іх да аднаго фірменнага стылю. Штогод у рэспубліцы новае аблічча набываюць каля 100-180 аддзяленняў. У Віцебскай вобласці сёлета адрамантавана 17.
— Прыгожае, сучаснае аддзяленне паштовай сувязі — выдатны падарунак жыхарам мікрараёна, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Тут пражывае шмат пенсіянераў. Прыйшоўшы на пошту, яны змогуць не толькі атрымаць пенсію, заплаціць за камунальныя паслугі, бо далёка не ўсе яшчэ карыстаюцца сучаснымі тэхналогіямі, але і проста сустрэцца, пагаварыць. Вялікі дзякуй, што вы зрабілі такую добрую справу!

Разам са Святланай Юркевіч і Сяргеем Максаком Станіслаў Чымбург перарэзаў чырвоную стужку перад уваходам у аддзяленне. А затым госці і гараджане змаглі першымі наведаць яго, ацаніць выкананы рамонт і атрымаць неабходныя паштовыя паслугі. Убачаным і сэрвісам усе засталіся задаволеныя.
Адрас аддзялення: г. Паставы, вул. Ленінская, д. 133
Рэжым работы:
аўторак—пятніца: з 9.00 да 17.30
субота: з 9.00 да 16.00
выхадныя: нядзеля, панядзелак
Алена Шапавалава. Фота аўтара