В Поставском государственном колледже прошёл праздник урожая, посвященный окончанию сельскохозяйственного года

Образование

Шчыра працуюць і адзначаюць

У мінулы чацвер у Пастаўскім дзяржаўным каледжы прайшло свята ўраджаю, прысвечанае заканчэнню сельскагаспадарчага года.

Традыцыйна падвесці вынікі работы ў вучэбнай гаспадарцы і на палях раёна ў клубе сабраліся амаль усе выкладчыкі, майстры і навучэнцы. Прыехалі таксама госці — прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якім каледж дапамагаў убіраць вырашчанае, і раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу. З ацэнкі зробленага пачаў сваё выступленне дырэктар установы адукацыі Сяргей Герасіменка.

Навучэнцы каледжа, адзначаныя падзякамі за добрасумленную працу на ўборцы ўраджаю, разам з дырэктарам установы Сяргеем Герасіменкам

Ён адзначыў, што за каледжам замацаваны 129 гектараў зямлі, 116 з іх — ворыўныя. На 30 гектарах было пасеяна трыцікале, па 40 займалі жыта і пшаніца. На жаль, з-за неспрыяльных умоў надвор’я сабраны ўраджай аказаўся ніжэйшым у параўнанні з мінулагоднім.

— Але мы не апускаем рукі, — гаварыў дырэктар. — Ужо цалкам паднялі зябліва, закупілі і пасеялі азімую пшаніцу. Спадзяёмся, што ў наступным годзе вынікі будуць значна лепшыя.

Сяргей Мікалаевіч шчыра па­дзякаваў педагогам і навучэнцам, якія працавалі ў вучгасе — вырошчвалі капусту, моркву, буракі, агуркі, памідоры. І хоць іх ура­джай таксама не вельмі парадаваў, сталовая каледжа забяспечана ўласнай агароднінай, што дазволіць зрабіць таннейшымі абеды для навучэнцаў. Калі звярнуцца да лічбаў, то ў бягучым годзе атрымана прадукцыі на суму 42 тысячы рублёў, рэалізавана — на 26 тысяч. Гэтыя грошы пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Фрагмент пастаноўкі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці

Самым актыўным удзельнікам палявых работ — як навучэнцам, так і выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання — Сяргей Герасіменка ўручыў граматы і падзякі, сказаўшы нямала добрых слоў у іх адрас. Акрамя таго, выканаў яшчэ адну прыемную місію — уручыў граматы аддзела спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама членам каманды каледжа, якая заняла 2-е месца ў Адкрытым міжнародным турніры па міні-футболе сярод юнакоў да 23 гадоў. Ён праходзіў у мінулыя выхадныя ў суседнім раёне. Найлепшы бамбардзір турніру — Ілья Алейнікаў — атрымаў спецыяльны кубак.

Ну а далей слова далі гасцям: галоўнаму эканамісту ААТ «Хацілы-агра» Наталлі Пабядзінскай, намесніку дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славаміру Шапелю і старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Васілію Катовічу. Яны таксама падзякавалі педагогам і навучэнцам за дапамогу, якая вельмі патрэбная ў час уборачнай кампаніі, пажадалі ім моцнага здароўя, поспехаў у працы і вучобе, удачы ва ўсіх справах. А падмацавалі ўдзяч­насць прывезенымі падарункамі: двума ноўтбукамі, электрычным чайнікам, грашовай прэміяй і сертыфікатам на 12 тысяч рублёў.

Завяршылася свята канцэртам удзельнікаў мастацкай сама­дзейнасці каледжа. Яно паказала, што тут вучацца не толькі працавітыя, але і таленавітыя маладыя людзі. Падрыхтаваныя пастаноўкі з вясковага жыцця і выдатная ігра акцёраў заслужылі гучныя апладысменты гледачоў. Разам з імі артысты атрымалі каравай, спечаны з мукі сёлетняга ўраджаю, які ў пачатку мерапрыемства быў паднесены Сяргею Герасіменку.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.