В районном Доме культуры прошла литературная гостиная, посвященная Году народного единства

Культура

Яднала паэзія

У раённым Доме культуры прайшла літаратурная гасцёўня, прысвечаная Году народнага адзінства.

На яе сабраліся тыя, хто ведае і любіць літаратуру, пранікнёна чытае вершы і піша іх сам, прыгожа спявае, а таксама ўдзячныя слухачы. «Паэзія аб’ядноўвае людзей, — сказаў некалі вядомы паэт Яўгеній Еўтушэнка. — Яна дапамагае лепш зразумець адно аднаго».

Спевам і музыкай упрыгожыў сустрэчу народны ансамбль народнай песні «Вітанне». Яго кіраўнік Ірына Рагіня ва ўспамінах вярнулася ў дзяцінства, калі дзядуля і бабуля па бацькавай лініі размаўлялі на польскай мове, а бабуля па лініі маці прыгожа спявала на стараславянскай. Ірына вучылася ў лукашоўскай школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. І калі пасля 8 класаў паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча, складана было вучыць там на рускай мове фізіку, хімію, алгебру. Часам, каб упэўніцца ў правільнасці адказу, некаторыя тэрміны перакладала на беларускую мову. У вучылішчы напісала першыя вершаваныя радкі. Гэта былі жартоўныя прыпеўкі.

Народны ансамбль народнай песні «Вітанне» з удзельнікамі гасцёўні

Па размеркаванні вярнулася ў Пастаўскую музычную школу, якую ў свой час скончыла. Анатоль Собаль запрасіў у ансамбль «Паазер’е». Для яго Ірына Эдмундаўна напісала словы песні «Грай жа, грай, музыкант!», якая доўгі час лічылася гімнам калектыву. Пазней стала пісаць для ансамбля «Вітанне», якім кіравала Ірына Макоўская, а пасля замяніла яе на пасадзе. У рэпертуары «Вітання» — песні на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, латышскай мовах. Аўтарам многіх з іх з’яўляецца Ірына Рагіня.

— Да пандэміі мы шмат выступалі за мяжой, — расказвала кіраўнік ансамбля. — У Літве, Латвіі мясцовыя гледачы, паслухаўшы песні на іх роднай мове, падыходзілі да нас і пачыналі размаўляць па-літоўску, па-латышску, прымаючы нас за сваіх. Мы ўсюды папулярызавалі беларускую мову, праслаўлялі Пастаўшчыну, запрашалі ў наш гасцінны край.

Паэтэса Вольга Лісіцкая нарадзілася ў Старым Двары ў сям’і чыгуначніка. З дзяцінства чула беларускую і польскую мовы. Вучылася ў беларускамоўнай школе. Захапілася паэзіяй. Выпусціла зборнік вершаў «Усходзіць сонца». Яна з гумарам расказвала пра сябе, чытала ўласныя вершы на беларускай, рускай і польскай мовах. І нават дэбютавала з песняй.

Радзіма настаўніцы СШ №1 Алы Дзямчук — Украіна. Там яна скончыла школу і ВНУ, дзе вывучала ўкраінскую і рускую, сустрэла сваё каханне. Муж Алы Уладзіміраўны меў украінскія і беларускія карані. Сярэднюю школу закончыў у Малдове. 30 гадоў назад сям’я прыехала ў Паставы.

— Тут усё маё жыццё звязана з СШ №1, — на мілагучнай украінскай мове расказвала пра сябе Ала Дзямчук. — За гэты час палюбіла і беларускую. А дачка пры паступленні ва ўніверсітэт нават уступны экзамен здавала па беларускай мове. Дома размаўляем па-руску. Ва Украіне яшчэ жывуць мае бацькі. І калі едзем да іх у госці, унукі хутка засвойваюць украінскія словы і размаўляюць на руска-беларуска-ўкраінскай трасянцы. Вяртаемся дадому, два дні адаптацыі — і зноў гучаць руская і беларуская мовы.

Ала Дзямчук на вечарыне пранікнёна прачытала вершы любімых паэтаў-землякоў.

Некалькімі мовамі валодае і ўраджэнка Шаркаўшчынскага раёна, а цяпер пастаўчанка Валянціна Гірвель, якая разам з мужам-ваеннаслужачым на працягу 20 гадоў жыла ў Кіеве, Волагдзе, Пскоўскай вобласці.

— Майму сэрцу блізкія і беларуская, і ўкраінская, і руская мова, — прызналася Валянціна Ула­дзіміраўна. — З 2000 года жывём у Паставах. Я добра памятаю ўкраінскія песні, валагодскае распеўнае «о», захоўваю валагодскія карункі і самавар. Да нядаўняга часу працавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, таму паэзія была і застаецца маёй спадарожніцай.

Вядучая вечарыны адкрыла прысутным сакрэт: Валянціна Гірвель не толькі захапляецца паэзіяй, але і сама піша вершы. У 2019 годзе выдала ўласны зборнік «Как сердце подскажет». З вершаў Валянціны Уладзіміраўны прысутныя даведаліся пра яе жыццё і багаты ўнутраны свет.

— Малым звычайна перад сном чытаюць казкі. А я ў дзяцінстве слухала «Новую зямлю» Якуба Коласа, якую вельмі любіў мой бацька, вершы Пушкіна, — расказвала Наталія Карнілава. — Нарадзілася ў Юньках. Бацькі — настаўнікі. Дома размаўлялі па-беларуску. А калі ў госці прыходзілі бабулі і дзядулі, то гучала польска-беларуская трасянка. Пераехалі ў Паставы. Я пайшла ў СШ №2 і там дасканала вывучыла рускую мову. Цяпер аднолькава люблю абедзве мовы.

Вершы, гумарэскі Наталія піша таксама на дзвюх мовах. Яны пра прыроду, каханне, розныя жыццёвыя сітуацыі.

Прыемна было паслухаць на вечарыне і юных паэтаў, дэкламатараў з СШ №4 Анастасію Каравацкую і Макара Склярэнку.

Атмасфера гасцёўні была ўзнёслай і натхняла. Усе яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што такія сустрэчы ўзбагачаюць духоўна, спрыяюць умацаванню каранёў, яднаюць. А гэта асабліва актуальна ў Год народнага адзінства.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.