Прылятайце, птушкі, да кармушкі!
Як усё ж такі хораша быць у еднасці з прыродай! Атрымліваць асалоду ад сузірання садоў і палёў, паркаў і лясоў, рэк і азёр, наталяцца спевамі птушак… Але большасць з іх восенню адлятаюць у вырай. У нас застаюцца самыя холадаўстойлівыя: сінічкі, вераб’і, снегіры, дзятлы, амялушкі і іншыя. Як толькі і выжываюць маленькія істоты суровымі зімамі?! На жаль, не ўсе.

Аднак людзі могуць дапамагчы птушкам у цяжкі для іх час. І дапамагаюць: з рознага падручнага матэрыялу майструюць кармушкі. Для гэтага выкарыстоўваюць пластыкавыя бутэлькі, дошчачкі, фанеру або кардон ці проста вывешваюць за акном кавалачак сала. Птушкам усё роўна, адкуль браць корм. Абы ён быў! А вось самім гаспадарам куды больш прыемна, калі кармушка мае такі прыгожы выгляд, як, напрыклад, на гэтым здымку. У каго ёсць жаданне — вырабляюць самі, іншыя купляюць у майстравых людзей.
Але самае галоўнае — меню ў кармушцы. Згаладалыя снежнай зімой птушкі могуць здзяўбці ўсё: чыпсы, салёныя арэшкі, здобнае пячэнне… Але гэта для іх — атрута. Таму сыпце ў кармушкі сланечнікавыя і гарбузовыя семкі, розныя крупы, кладзіце сала. Варта паклапаціцца і пра бяспеку. Напэўна, многія назіралі, як за птушкамі, што злятаюцца да кармушак, цікуюць каты? Таму птушыныя сталоўкі трэба размяшчаць не ніжэй чым паўтара метра ад зямлі.
Вы яшчэ не абсталявалі іх? Самы час паклапаціцца пра гэта.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара